Ад шаленства абароніць вакцына. 28 верасня – Сусветны дзень барацьбы супраць шаленства

Штогод 28 верасня праводзіцца Сусветны дзень барацьбы супраць шаленства. Мэта яго – прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы распаўсюджання шаленства і яго наступстваў. Па ацэнцы экспертаў СААЗ данае захворванне рэгіструецца на тэрыторыях большасці краін свету і штогод забірае жыцці больш за 50 тысяч чалавек.

Да шаленства ўспрымальныя ўсе віды цеплакроўных жывёл, у першую чаргу – драпежныя жывёлы (сямействы сабачых, каціных, куніцавых, янотавых і іншых), могуць таксама хварэць грызуны, лятучыя мышы.
Ад хворых шаленствам дзікіх жывёл могуць заражацца дамашнія, часцей за ўсё пры адсутнасці ў іх прышчэпак супраць шаленства і парушэнні ўмоў утрымання (самавыгул і іншае). Сельскагаспадарчыя жывёлы (буйная рагатая жывёла, коні і іншыя траваедныя) таксама маюць рызыку заражэння шаленствам пры адсутнасці ў месцах іх утрымання і развядзення ўмоў, якія перашкаджаюць доступу на тэрыторыю дзікіх і безнаглядных жывёл (адсутнасць або парушэнне цэласнасці агароджы, выпас на неабгароджанай тэрыторыі паблізу лясных масіваў і іншае).
Шаленства перадаецца ад жывёлы да жывёлы і ад жывёлы да чалавека пры цялесным кантакце са сліной – праз укусы, драпіны, а таксама пры асліненні пашкоджанай скуры і слізістых абалонак.
Інкубацыйны перыяд пры шаленстве ў чалавека складае звычайна ад 10 дзён да 2 месяцаў, вядомы выпадкі яго скарачэння да 5 дзён і падаўжэння да года і больш.
Першыя сімптомы захворвання могуць выяўляцца ў месцы нанесенага пашкоджання ў выглядзе мышачных падрыгванняў, свербу, болю па ходу нерваў. У пачатку захворвання адзначаюцца беспрычынныя трывога, страх, павышаная адчувальнасць да светлавых і гукавых раздражняльнікаў, субфебрыльная тэмпература. У выніку могуць далучыцца прыступы вадабоязі: балючыя спазмы мышцаў глоткі і гартані пры спробе папіць, пры гуках вады, якая льецца. З кожным днём захворванне прагрэсіруе, развіваюцца паралічы. Смерць наступае ад спынення дыхання і сардэчна-сасудзістай дзейнасці.
Шаленства – смяротнае захворванне, якое можна папярэдзіць, ведаючы і выконваючы шэраг простых правілаў:
пазбягайце кантакту з дзікімі і безнагляднымі жывёламі;
выконвайце ўстаноўленыя правілы ўтрымання дамашніх жывёл (сабак, кошак) і штогод у абавязковым парадку прышчэплівайце сваіх гадаванцаў супраць шаленства;
пры з’яўленні змяненняў у паводзінах дамашняй жывёлы, у выпадку атрымання ёй пашкоджанняў ад іншай жывёлы, смерці без яўных на тое прычын абавязкова звярніцеся да ветэрынарнага спецыяліста для ўстанаўлення назірання або выяўлення прычын смерці жывёлы.
Ад укусаў жывёл часта пакутуюць дзеці, таму неабходна пастаянна праводзіць растлумачальную работу па прафілактыцы шаленства.
Калі кантакту з жывёлай, нават знешне здаровай, усё ж пазбегнуць не ўдалося, неабходна ў максімальна кароткія тэрміны самастойна правесці першасную апрацоўку раны: добра прамыць ранавую паверхню на працягу не менш як 15 мінут струменем вады з мылам, апрацаваць краі раны 5-працэнтнай настойкай ёду (павідон-ёдам, любым спіртаўтрымліваючым антысептыкам) і неадкладна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.
Самым эфектыўным сродкам прафілактыкі шаленства з’яўляецца імунізацыя. У арсенале ў медыцынскіх работнікаў маюцца дастаткова эфектыўныя лекавыя сродкі (антырабічная вакцына і імунаглабулін). Толькі ўрач можа ацаніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і прызначыць, пры неабходнасці, курс лячэбна-прафілактычнай імунізацыі супраць данай інфекцыі.
Вельмі важна адначасова са зваротам да ўрача і пачаткам лячэбна-прафілактычнай антырабічнай імунізацыі прыняць (па магчымасці) меры ў адносінах жывёлы. Яе неабходна ізаляваць і звярнуцца да спецыялістаў ветэрынарнай службы для агляду жывёлы і арганізацыі 10-дзённага назірання за ёй.
Прышчэпачны курс, з улікам вынікаў ветэрынарнага назірання за жывёлай, можа быць скарочаны па рашэнні ўрача, калі жывёла пасля заканчэння перыяду назірання засталася здаровай.
Варта памятаць: чым раней пачата імунізацыя супраць шаленства, тым больш магчымы добры зыход у склаўшайся сітуацыі. Ні ў якім разе не трэба адмаўляцца ад прызначанага лячэння і самавольна перапыняць яго, гэта можа прывесці да трагічных наступстваў.

Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг Ляхавіцкага райЦГіЭ.