Землякі працягваюць дзяліцца ўражаннямі пра навінку «Беларусьфільма» – стужку «На другім беразе»

Валянціна БАРОДЗІЧ, ляхавічанка:

– Фільм «На другім беразе» глядзелі разам з мужам. Дзве гадзіны прабеглі, здаецца, імгненна. Фільм вельмі спадабаўся, выклікаў шмат эмоцый. І ўсё таму, што падзеі – рэальныя. Па-новаму паглядзелі на той няпросты час, на нашых людзей. Падчас прагляду становішся сведкай шчымлівай гісторыі жыцця насельніцтва Заходняй Беларусі. Жахліва ад таго, як польская ўлада імкнулася выбіць з чалавека – чалавека, з беларусаў – беларускае: праваслаўную веру, родную мову, культуру. Як казаў Янка Брыль, вытраўлівалі ўсё беларускае. На пытанне «Хто ты ёсць?» чалавек павінен быў адказаць: «Я полек малы».
Разам з тым сэрца перапаўняе пачуццё гонару і павагі за людзей, якія, нягледзячы ні на што, змагаліся за незалежнасць сваёй Радзімы і яе адзінства. І змаглі выстаяць!
Праз усю кінастужку, лічу, прайшла ідэя важнасці жыцця ў міры, згодзе і ўзаемаразуменні, калі маеш права размаўляць на сваёй роднай мове, захоўваць народныя традыцыі і адзначаць нацыянальныя святы.
«На другім беразе» падкрэслівае, што трэба цаніць і берагчы сваё роднае, паважаць іншыя народы – каб не паўтарыліся жудасныя падзеі мінулага.