Алімпіяда сяброўства. Ляхавічане сярод удзельнікаў заключнага этапу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць”

Брэст прымаў заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць”. З 29 кастрычніка па 3 лістапада каля дзвюх сотняў старшакласнікаў сабраліся ў горадзе над Бугам, каб паспаборнічаць за званне лепшага знаўцы рускай культуры.


У складзе абласной каманды і ляхавіцкая гімназістка Таццяна Дударава. Пуцёўкай на фінал стаў дыплом II ступені, якія яна заваявала ў абласным адборачным туры. Сярод 36 удзельнікаў наша зямлячка вызначылася водгукам на тэму “Тэфі “Мой першы Талстой”.


Кіраўніком абласной дэлегацыі і шасці навучэнцаў стала таксама ляхавічанка – настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі Святлана Прастакевіч, якая падзялілася з “ЛВ” уражаннямі ад алімпіяды.
– Вельмі прыемна знаходзіцца сярод удзельнікаў алімпіяды міжнароднага ўзроўню. І гэта надзвычай творчыя школьнікі, якія размаўляюць цытатамі Пушкіна, натхняюцца рускай прозай і паэзіяй. Ганаруся, што сярод іх і мая навучэнка Таццяна Дударава. Сярод фінальных выпрабаванняў – сачыненне і комплексная работа па рускай мове і літаратуры. А таксама творчыя конкурсы: рытарычнага майстэрства і выразнага літаратурнага чытання. Па яго выніках Таццяна атрымала сертыфікат удзельніка. І гэта цудоўны вынік, калі ўлічыць, што 110 старшакласнікаў прадстаўлялі ўстановы адукацыі з 19 рэгіёнаў Расіі і толькі 50 – з Беларусі. У складзе журы – вядомыя беларускія і расійскія вучоныя-філолагі, выкладчыкі ВНУ і настаўнікі ўстаноў адукацыі, – адзначыла Святлана Прастакевіч.
Заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць” праходзіць з 2004 года і яго пазменна прымаюць беларускія і расійскія гарады. Дарэчы, сярод мінулагодніх пераможцаў была таксама наша зямлячка – гімназістка Анастасія Яраш.
Праграма знаходжання адораных навучэнцаў у Брэсце адрознівалася насычанай культурна-пазнавальнай праграмай, у якую ўключылі і наведванне галоўных славутасцяў рэгіёна. Гасцей сустракала кіраўніцтва Брэстчыны. Пасадка алеі Дружбы ў парку Тысячагоддзя Брэста, грамадзянска-патрыятычная акцыя “Мы памяці верныя герояў” у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, прагулка па абласной сталіцы і многае іншае ўлюбілі старшакласнікаў у беларускі Брэст.
– Гэтыя шэсць дзён алімпіяды магу назваць шчаслівымі і цікавымі. Класна пабыць у гэтай атмасферы творчасці і сяброўства, дзе рабяты з іншай краіны падтрымліваюць і дапамагаюць, як блізкім людзям. Ганаруся Брэстам і Брэстчынай, дзе так многа славутасцяў, ад якіх у неверагодным захапленні нашы госці. Хочацца, каб і далей мы моцна сябравалі і ішлі поруч, – дзеліцца гімназістка Таццяна Дударава.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.