28 парушэнняў ПДР і аварыя на Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах. Лістападаўскія выхадныя ў дарожнай статыстыцы

Лістападаўскія выхадныя для супрацоўнікаў АДАІ Ляхавіцкага РАУС прайшлі ва ўзмоцненым варыянце нясення службы. У працоўным графіку значыліся акцыі і мерапрыемствы з прафілактычным ухілам. Да адміністрацыйнай адказнасці ў большасці прыцягваліся злосныя парушальнікі ПДР. З 4 па 7 лістапада супрацоўнікі АДАІ выявілі 28 парушэнняў ПДР, сярод якіх сем вадзіцеляў не былі прышпілены рамянямі бяспекі, тры пешаходы ў цёмны час не былі абазначаны святлоадбівальнымі элементамі, чатыры вадзіцелі перавозілі дзяцей без спецыяльных утрымліваючых крэслаў і іншыя.
У зводках і два ДТЗ, у адным з якіх вадзіцель не ўлічыў бакавога інтэрвалу з машынай, якая знаходзілася побач, і парушыў ПДР.

Яшчэ адно здарэнне зарэгістравана ў райцэнтры 6 лістапада каля 17 гадзін на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Вадзіцель транспартнага сродку пры руху заднім ходам сутыкнуўся з прыпаркаваным аўтамабілем “Джылі” і з месца аварыі паехаў. Пасля праведзеных супрацоўнікамі АДАІ пошукавых мерапрыемстваў вінаваты ў ДТЗ устаноўлены. Ім аказаўся ляхавічанін 2002 г.н. , які кіраваў опелем. На яго за ўчыненне ДТЗ і за тое, што паехаў з месца аварыі, складзены два пратаколы, па якіх прадугледжана пазбаўленне права кіравання аўтамабілем да чатырох гадоў.
Прыцягнуў увагу супрацоўнікаў АДАІ і транспартны сродак з пятага рэгіёна, які знаходзіўся на тэрыторыі мясцовай запраўкі. Пры праверцы дакументаў у вадзіцеля аўтамабіля “Фальксваген” яны візуальна былі ў парадку. Калі ж машыну “прабілі” па базе даных, аказалася, што жыхар Мінскай вобласці 1986 г.н. мае абмежаванне на права кіравання аўтамабілем з-за неаплачанага штрафу. Заезджы аўтааматар адхілены ад права кіравання і на месцы аплаціў пратэрмінаваную запазычанасць.
Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Ляхавіцкага РАУС.