Сення — Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС. Ляхавіцкія ветэраны РАУС збіраюцца па сённяшнім адрасе райаддзела – вуліца Дзесюкевіча, 43

Фота из архива «ЛВ»

Месца і дата штогадовай сустрэчы ветэранаў Ляхавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў вядомы загадзя – 10 лістапада, калі ў Беларусі адзначаюць Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС. Калегі збіраюцца па сённяшнім адрасе РАУС – вуліца Дзесюкевіча, 43.
Для старэйшых пакаленняў мясцовых ветэранаў-праваахоўнікаў свята стала пераемнікам колішняга прафесійнага – Дня савецкай міліцыі – і з’яўляецца сімвалам слаўных традыцый і нагодай для успамінаў пра службу.


У радах ветэранаў РАУС больш за чатыры дзясяткі чалавек, якія ў свой час добрасумленна неслі службу ў розных падраздзяленнях міліцыі: аўтаінспекцыі і інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі, аператыўна-дзяжурнай часці, крымінальным вышуку, былі ўчастковымі інспектарамі і г.д.
Сярод іх ёсць тыя, хто пачынаў прафесійны шлях у савецкай міліцыі і выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане: Генадзій Савасцюк, Генадзій Лойка і Уладзімір Рабцэвіч. Аднымі з першых адправіліся ліквідаваць аварыю на Чарнобыльскай АЭС Іосіф Зубік, Іван Дубіна, Анатолій Ушко, Іван Ярома і Рыгор Ціханчук.
– Кожны з нашых ветэранаў можа пахваліцца багатай працоўнай гісторыя, і пра службу кожнага можна расказваць з удзячнасцю і павагай. Выхад на заслужаны адпачынак для многіх не стаў часам адпачынку. Змянілі месца працы, але засталася нязменнай актыўная жыццёвая пазіцыя. Яны і сёння ў страі і дзеляцца сваім вопытам, сустракаюцца з падрастаючым пакаленнем і гатовы падтрымаць любую ініцыятыву, – адзначае старшыня пярвічкі арганізацыі ветэранаў міліцыі РАУС Іосіф Зубік, які ўзначальвае яе з 2007 года – з моманту выхаду на заслужаны адпачынак з пасады старшага інспектара па дазвольнай сістэме. Стаж службы маёра Зубіка – 25 гадоў, і яго, тады ўчастковага інспектара ІСН, пэўна, добра памятаюць юныя парушальнікі (а сёння ўжо дарослыя людзі), хто трапляў за праступкі ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Колькіх хуліганаў ён паставіў на правільны шлях – умеў спакойна і пераканаўча растлумачыць наступствы супрацьпраўных паводзін.
Меркаванне колішняга начальніка АГіМ Святланы Карнілавай аўтарытэтна і сёння. І таму прычынай не толькі амаль 30-гадовы міліцэйскі стаж і дыплом юрыдычнага факультэта БДУ, а адказнае і добрасумленнае стаўленне да справы. Прафесійны шлях пачынала следчым у Баранавіцкім райаддзеле міліцыі, а пасля перавялася ў Ляхавічы начальнікам следчага аддзялення. І якую б пасаду ні займала, заўсёды вялікую ўвагу надавала дробязям, а ў міліцэйскай справе якраз і важная кожная дэталь.


Фота из архива «ЛВ»

Фота из архива «ЛВ»