Большы давер, большая аддача! Як працуецца на Ляхавіччыне маладым спецыялістам

Сямейная пара Яна Дзедуль і Вадзім Піваварчык – маладыя спецыялісты-медыкі. Пасля вучобы ў Гродзенскім медуніверсітэце па размеркаванні на першае працоўнае месца прыехалі на Ляхавіччыну.

Вадзім другі год працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам
у райбальніцы.
А Яна пасля інтэрнатуры ў жніўні прыступіла да працы ў БАПБ «Крывошын», дзяўчына – урач – псіхіятр-нарколаг. Дарэчы, з гэтага года Яна стала студэнткай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Таму з надыходзячым Днём студэнта!

Яна Дзедуль, урач псіхіятр-нарколаг БАПБ «Крывошын»:

– Не заўсёды проста знайсці сябе, не разгубіцца на першых працоўных кроках, як часта гэта бывае ў чужым горадзе. Мне пашчасціла размеркавацца на Ляхавіччыну. Не скажу, што гэта лёс. Да вызначэння месца працы падыходзіла адказна. Высокі сярэдні бал дазволіў самастойна выбраць месца для размеркавання. Быў яшчэ варыянт у Баранавічах. Але ж год інтэрнатуры ў псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» даў магчымасць пазнаёміцца з установай, матэрыяльна-тэхнічнай базай,
умовамі і г. д. Шчыра сказаць, не шкадую. Вялікая тэрыторыя ўстановы аховы здароўя, маляўнічае месца – толькі плюс да нашай спецыфікі працы. Не палохае і тое, што даводзіцца дабірацца з Ляхавіч. Загадзя пра гэта паклапацілася, атрымала вадзіцельскае пасведчанне,набылі транспарт. Нас як маладую сям’ю сустрэлі шыкоўна, падтрымалі і дапамаглі ўладкаваць жыццё. Муж працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у Ляхавіцкай ЦРБ. Чую толькі станоўчыя водгукі наконт падтрымкі маладых спецыялістаў з боку кіраўніцтва. Атрымалі арэндную кватэру, у нас як у спецыялістах зацікаўлены, гэта адчувальна. Ільготны крэдыт ад «Беларусбанка» дазволіў зрабіць кватэру ўтульнай. Да таго ж атрымалі ўсе матэрыяльныя бонусы і на працы. Гэта, канешне, радуе. Важны момант – заўсёдная падтрымка з боку калег. У кожнага маладога спецыяліста ў бальніцы свой урач-настаўнік. Я вучуся ў загадчыцы аддзялення Алены Каспяровіч: яе парады каштоўныя, а адносіны –
як да роўных, за гэтае вялікі дзякуй. Больш таго, галоўны ўрач аблбальніцы Вольга Монак імкнецца не толькі весці нас па працоўнай дзейнасці, але ж знайсці для кожнага грамадскі занятак па душы. Мне даверана стаць адказным па ідэалагічнай рабоце. Мяне гэта тэма літаральна захлынае з галавой. Праца інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, сустрэчы з калектывам, работа ва ўсіх сацыяльных сетках –
гэта таксама маё. Маладым давяраюць, а значыць мы не маем права падвесці!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.