Давер, апраўданы справай. Што важна ў рабоце з насельніцтвам. У аб’ектыве — Востраўскі сельсавет Ляхавіцкага раёна


У рабоце з людзьмі вельмі важна ўменне выслухаць і зразумець. І нават калі па аб’ектыўных прычынах не заўсёды атрымаецца дапамагчы, то важная шчырая падтрымка. Такія якасці ўласцівы выконваючаму абавязкі старшыні Востраўскага сельвыканкама Дзмітрыю Гібежу і старасту вёскі Тухавічы Сяргею Ваўчку (на здымку). Грамадскае прызнанне ў іх рабоце – аснова.
І яго яны заслугоўваюць добрасумленнай працай і заўсёдным жаданнем унікнуць у сітуацыю.

Тэрыторыю Востраўскага сельсавета, у якую ўваходзіць 11 населеных пунктаў, кампактнай не назавеш.
І размешчаны вёскі адна ад адной на даволі значнай адлегласці, і ад райцэнтра не блізка. Але гэта не перашкаджае выконваючаму абавязкі старшыні сельвыканкама Дзмітрыю Гібежу быць у курсе спраў вяскоўцаў і аграгараджан, якія да яго звяртаюцца з рознымі пытаннямі і праблемамі.

Калі карэспандэнт патэлефанаваў кіраўніку вясковай улады, ён накіроўваўся ў Кулікі: мясцовую жыхарку хвалюе, што са старога дрэва, што расце ў яе двары, на дах і правады падае галлё. Пенсіянерка непакоіцца, што гэта можа стаць прычынай узгарання… Хаця стан дрэў у двары – клопат гаспадароў домаўладанняў, старшыня сельвыканкама неадкладна адправіўся па адрасе.
– У цэнтры ўвагі сельвыканкама – многія пытанні. Людзей хвалюе добраўпарадкаванне населеных пунктаў, захаванне законнасці і парадку, рамонт і будаўніцтва жылля і многае іншае. Умоўна просьбы можна падзяліць на сезонныя і штодзённыя. Вясной-летам гэта абрэзка дрэў, што за агароджай сядзібы, рамонт дарог і іншае. Восенню-зімой звяртаюцца, каб пачысціць дарогі, замяніць лямпачку ў ліхтарах вулічнага асвятлення і гэтак далей, – пералічвае Дзмітрый Гібеж і падкрэслівае, што бывае і так, што з раніцы плануе адну справу, а жыццё ўносіць карэктывы. – Зараз на парадку дня – работа назіральных камісій, накіраваная на прафілактыку пажараў і іншых здарэнняў. Разам з зацікаўленымі службамі наведваем домаўладанні, дзе абследуем умовы пражывання і выносім прадпісанні па ўхіленні недапрацовак. Асаблівая ўвага – уразлівым катэгорыям насельніцтва. Бывае і так, што даводзіцца нагадваць дарослым ужо дзецям пра абавязак клапаціцца пра састарэлых бацькоў.


У старшыні сельвыканкама прыём па асабістых пытаннях праходзіць кожную сераду, але «ў людзі» ён ідзе кожны дзень. Аднаму патрэбна добрае слова і разуменне, падкрэслівае Дзмітрый Аляксандравіч, іншага – паўшчуваць, а трэцяму – дапамагчы справай. Многія праблемы ў сельсавеце стараюцца вырашаць уласнымі сіламі, і толькі тыя пытанні, якія адносяцца, напрыклад, да электра-, газа- і іншых, вырашаюць з дапамогай адпаведных спецыялістаў.
– Людзі нам давяраюць, і мы не маем права падвесці. Нямала зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета,
а ў планах яшчэ больш. Напрыклад, хочацца ў Тухавічах упрыгожыць цэнтр. Сумеснымі намаганнямі пачысціць вадаём, выразаць там кусты, падрэзаць дрэвы і г. д. Работа арганізуецца і ў іншых населеных пунктах. У справе задзейнічаны кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя, канешне, насельніцтва, іншыя  – дзеліцца кіраўнік мясцовай улады.
Тыя, хто хоць аднойчы звяртаўся да Гібежа, адзначаюць нераўнадушнасць старшыні сельвыканкама, яго ініцыятыўнасць і зацікаўленасць, аператыўнасць у вырашэнні праблем.
Першыя памочнікі мясцовай улады – старасты вёсак. Сярод іх і Сяргей Ваўчок, які на гэтай «пасадзе» ў Тухавічах трэці год. А больш за дзесяць гадоў з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Ён з той катэгорыі людзей, хто пастаянна імкнецца «выратаваць свет». Землякі да яго звяртаюцца не толькі з просьбамі пасадзейнічаць у дастаўцы ўгнаення, дроў, а пасля іх пасекчы, дапамагчы на ўчастку, абрэзаць галлё і старыя дрэвы і г. д. Бываюць і просьбы зусім не з яго кампетэнцыі. Але нікому не адмаўляе і стараецца ўсяляк дапамагчы.
Нават калі патрабуецца рамонт пральнай машынкі.
– Адзін у полі не воін. Папрасілі ў мяне дапамогі, а я іду да кіраўнікоў мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў, нават да сяброў. Дзякуй ім – ніколі не адмаўляюць, ідуць насустрач. Толькі ў цеснай звязцы з нераўнадушнымі вырашаем праблемы, – дзеліцца Сяргей Ваўчок.
Старшыня Востраўскага сельвыканкама Дзмітрый Гібеж у адрас тухавіцкага старасты не шкадуе добрых слоў. І кампетэнтны,
і добразычлівы, і ініцыятыўны, і майстар на ўсе рукі. Калі дакладней – майстар лесу Востраўскага лясніцтва. Грамадскія абавязкі ніяк не перашкаджаюць прафесійным. Пра Ваўчка станоўчыя водгукі і ад калег.
Сяргей Пятровіч – вясковы, з Гуты, і добра разумее людзей. Гадоў дзесяць назад зрабіў у Тухавічах дзіцячую пляцоўку. І ўвесь час падтрымлівае ў належным стане арэлі, лаўкі, альтанку, пясочніцу і г. д.
Партрэт тухавіцкага старасты быў бы не поўным, калі б не дадаць вакальныя і спартыўныя здольнасці. Спявае ў Тухавіцкім СДК і выступаў у Брэсце ад лясгаса, катаецца на лыжах і прымаў удзел у рэспубліканскіх лясгасаўскіх лыжных гонках.
Такія людзі і сапраўды – галоўныя на вёсцы, тыя, хто заўсёды ў цэнтры яе жыцця.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.