Тыдзень павышанай увагі да бяспекі. На тэрыторыі Востраўскага сельсавета будуць праходзіць прафілактычныя мерапрыемствы

З пачатку года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана 33 пажары, у агні загінулі двое дзяцей. Летась за такі ж час адбылося 30 пажараў, якія забралі тры жыцці.

Істотны рост колькасці пажараў сёлета зарэгістраваны ў Востраўскім сельсавеце. Калі за 10 месяцаў у 2022 го-дзе тут не было вогненных здарэнняў, то сёлета – ужо сем.
У перыяд з 2021 года па сёння на тэрыторыі сельсавета зарэгістравана восем пажараў: тры ў жылых дамах, чатыры – у надворных пабудовах, адзін – на транспарце. Прычынамі двух пажараў стала неасцярожнае абыходжанне з агнём, яшчэ двух – парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Парушэнне правіл эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых устройстваў пацягнула таксама два пажары. Па адным узгаранні адбылося з-за дзіцячага свавольства з агнём і кароткага замыкання электраправодкі.


На падставе праведзенага аналізу аператыўнай абстаноўкі, што склалася на тэрыторыі Востраўскага сельсавета, з мэтай папярэджання пажараў і гібелі ад іх людзей з 4 па 8 снежня тут будуць праходзіць прафілактычныя мерапрыемствы.

Асаблівая ўвага – грамадзянам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця (схільныя да злоўжывання спіртным, курцы і г. д.), што стварае перадумовы да ўзнікнення пажараў у іх домаўладаннях. Выязная камісія ў складзе выратавальнікаў, прадстаўнікоў РАУС, райвыканкама, аддзела па адукацыі, сацыяльнай службы, медыкаў і іншых службаў правядзе абследаванне жылых памяшканняў, вывучыць магчымасць аказання дапамогі сацыяльна ўразлівым катэгорыям грамадзян у пытаннях забеспячэння бяспекі.
Юрый БУЙКЕВІЧ,  начальнік РАНС.