У «Ляхавіцкі веснік» ад ляхавічанкі паступіла скарга

У чат-бот «Ляхавіцкага весніка» ляхавічанка даслала фотаздымкі і скаргу:
«Ад вільгаці сцяна ў доме па адрасе вуліца Леніна, 48 хутка разваліцца». Сапраўды, на фотаздымках відаць, што ўнутраны аддзелачны слой на лесвічнай клетцы стаў рассыпацца.

Па словах ляхавічанкі, з гэтай праблемай звярталіся ў службу 115 раней. Прыязджалі камунальнікі, абследавалі і прапанавалі жыхарам дома ўцяпліць трубы, паколькі збіраецца кандэнсат. Інжынерная сістэма ўладкавана так, што падача вады ў кватэры ідзе  з падвала праз першы паверх на верхнія. Магчыма, гэты кандэнсат і ўтварае вільгаць. Каб змяніць сітуацыю, жыльцы дома ўцяплілі трубы, аднак лепш не стала. Сцяна працягнула разбурацца, пра што сведчаць фотаздымкі.
«ЛВ» адрасаваў праблемнае пытанне КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
– У той жа дзень майстар аварыйна-тэхнічнай брыгады выехаў на месца, выслухалі жыльцоў і правялі абследаванне. «Дыягназ» сітуацыі такі: дэфект трубаправода. Да  суботы запланавана правесці работы па замене  трубаправода на халодную ваду з падвала да верхняга паверха. Усе матэрыялы будуць закуплены за сродкі ЖКГ, – адзначыў старшы майстар участка «Жылфонд» камунгаса Дзяніс Леснік.


Ляхавічанка такім раскладам падзей задаволена, аднак узнікла яшчэ адно пытанне: рамонт лесвічнай клеткі – чыя цяпер справа?
Як адзначылі ў камунгасе, пасля таго, як адбудуцца рамонтныя работы па замене водаправода, пашкоджаныя элементы аддзелкі будуць адноўлены за кошт камунальнай службы.
«ЛВ» працягне сачыць за падзеямі.

Нагадваем, што вы можаце падзяліцца з намі сваімі навінамі, прапановамі і заўвагамі ў чат-боце телеграма па спасылцы https://t.me/LVESS_Bot.