Лепшымі для сябе лекамі ляхавічанін Пётр Міхайлавіч Варонін лічыць фізічную працу

Камандзіры выпраўкі   не губляюць.

У старой перыёдыцы “чытаецца” нашмат больш таго, пра што гаворыцца ў вынесеных на яе старонкі тэкстах. Пажоўклы фон, некалькі іншая ў параўнанні з сучаснымі ўяўленнямі графіка літар і слоў, больш цёплая, як здаецца, манера пісьма аўтараў, адмысловасць почырку кожнага з іх з’яўляюцца дадатковай інфармацыяй для зацікаўленага чытача. Больш чым 30-гадовай “вытрымкі” газетны артыкул сваю назву – “Камандзіры сівеюць рана” – атрымаў яўна на фоне папулярнасці аднайменнага зборніка твораў вядомага савецкага пісьменніка. Але, у адрозненне ад арыгінала, героем публікацыі з’яўляецца “камандзір” сельскагаспадарчай вытворчасці Пётр Варонін. На той момант – шматгадовы старшыня аднаго з калгасаў на Гомельшчыне, кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”, уладальнік медаля “За працоўную адзнаку”, выдатнік сельскай гаспадаркі. Каля паўтара дзясятка гадоў таму Пётр Міхайлавіч завяршыў працоўную дзейнасць і пераехаў у Ляхавічы. Сёння ён – госць «ЛВ».

Каб “пагадзіцца” з амаль 85-гадовым узростам дзеда Пятра, як прадставіўся ветэран працы падчас знаёмства, трэба пра тое ведаць. Высокі, статны і дакладны ў рухах, хуткі ў думках. Мае відавочную схільнасць да жартаў, не цураецца самаіроніі. Так і хочацца сказаць у працяг той старой публікацыі: хоць і рана сівеюць, аднак, камандзірскай выпраўкі не губляюць.

Ціхі пенсіянер – не пра яго. Жыццёвым дэвізам Пятра Міхайлавіча маглі б стаць словы “актыўнасць ва ўсім кожны дзень з году ў год”. Доўгімі зімовымі вечарамі дастаўляе задавальненне, як выказаўся, “пакапацца” ва ўласных і, дарэчы сказаць, дастаткова сістэматызаваных архіўных матэрыялах. Перагледзець тыя ж газетныя выразкі, чорна-белыя фотаздымкі – як спыненыя імгненні летапісу паўвекавой хлебаробскай працы гаспадара, калег-паплечнікаў, сяброў-знаёмых.

Вясна для ўсіх вясна. Але для хлебароба гэты час асаблівы ў квадраце. Па старой звычцы, а, у першую чаргу, па загаду душы, з першымі промнямі сонца Пятром Міхайлавічам авалодвае яравы настрой, без астатку зацягваюць пасяўныя клопаты. Маштабы, канешне, не калгасныя, аднак, каб адчуць соль працы на зямлі, дастаткова і ўчастка ў 10-20 сотак.

– У зяця ёсць невялікі ўчастак у вёсцы Дрэкі, праца на ім вельмі дапамагае. Не ў сэнсе нейкіх матэрыяльных выгод і здабыткаў – выратоўвае ад гультайства. Пасадзіў 2 дзясяткі пладовых дрэў, шмат кустоў маліны, чорных парэчак. Вырошчваю бульбу, агуркі, цыбулю, моркву, зяленіва рознае і іншае. Класічны, можна сказаць, ці традыцыйны для нас набор агародніх культур. Стараюся для дзяцей і ўнукаў, частую ўраджаем суседзяў – колькі мне самому трэба. Зямліцу капаю лапатай. Першыя пару гадоў, пакуль даводзіў да ладу стары домік, працаваў па 15—16 гадзін. Фізічнай работай я лячуся. Прывык з дзяцінства – сіроцкая доля, – гаворыць Пётр Міхайлавіч.

Першую, і па максімуму, жорсткасць лёсу Пеця Варонін адчуў яшчэ ў дзяцінстве. Хлопчыку не было і трох гадоў, як памерла маці. Бацька ажаніўся, адносіны хлопчыка з мачахай складваліся не ідэальна, не ў рэчышчы шчырай сямейнай цеплыні, мякка кажучы. Пётр Міхайлавіч максімальна коратка і дастаткова карэктна ўзгадвае і характарызуе тую сітуацыю: “Даставалася”.

Канец трыццатых гадоў. Наперадзе – непамерныя па цяжкасці і жорсткасці гады выпрабавання. У рознай ступені, але для ўсіх людзей. Бацьку Пятра Міхаіла Дзмітрыевіча мабілізавалі на фронт летам 1941-га. Ваяваў у складзе дзеючай арміі, пасля выхаду з акружэння змагаўся ў партызанах.

– Выдатна памятаю вайну. Будучы ў партызанах, бацька і брат яго жонкі, здаралася, выходзілі з лесу, былі ў нас дома. Грэліся на печы, сушылі вопратку. Нескладаныя заданні па іх просьбе здаралася выконваць і мне. Напрыклад, паназіраць за дарогай – Рэчыца-Лоеў. На прадмет, колькі пешых, машын ці конных павозак прайшло-праехала, у якім накірунку, каго ці што апошнія перавозілі і таму падобнае. Наша вёска Прагрэс, як і некаторыя блізкія населеныя пункты, што лічыліся партызанскай зонай, немцы спалілі ў 1943 годзе. Датла, што называецца. Пазней бацьку другі раз прызвалі ў склад дзеючай арміі. Меў воінскае званне сяржанта, удзельнічаў у многіх баях. У баі і загінуў 4 студзеня 1944 года. З мачахаю шляхі разышліся, і клопат за маё далейшае сталенне ўзяла на сябе цётка – родная сястра маці. Вельмі ўдзячны ёй за ўсё, многа чым абавязаны, – дзеліцца ўспамінамі ветэран.

Ці мог Пётр Міхайлавіч не стаць хлебаробам, пайсці па нейкім іншым жыццёвым шляху? Канешне ж, мог, і варыянты – адзін спакуслівей другога, меліся. Але, што называецца, спрацаваў фактар прыцягнення зямлі. Перад звальненнем з тэрміновай вайсковай службы, якую праходзіў у якасці механіка-вадзіцеля Т-34 і старшыні танкавай роты, талковаму сяржанту прапанавалі кадравую службу. З хуткай перспектывай атрымання першага афіцэрскага звання і адпаведнай пасады.

– Можа і дарэмна адмовіўся. Вёска ў той час была галодная, але цягнула да сябе, нібы магнітам. Пераехаў, уладкаваўся ў МТС на пасаду заатэхніка, распачатую яшчэ да войска вучобу прадоўжыў завочна. Было няпроста, але жыццё наладжвалася, – узгадвае Пётр Варонін.

У чым прычына, – пытаюся ў экс-кіраўніка калгаса, – што розныя сельгаспрадпрыемствы паказваюць дыяметральна супрацьлеглыя вынікі? У Пятра Вароніна, магчыма, не бясспрэчнае, але сваё меркаванне на гэты конт:

– Думаю часта, чаму адна гаспадарка добрая, другая сярод адстаючых. Знаходзяцца непадалёк, адно сонца ім свеціць, землі блізкія па ўрадлівасці, такія ж людзі. І прыходжу да высновы, што ўсё залежыць ад кіраўніка і яго “каманды”. Пра людзей трэба думаць, жыць іх клопатамі. Ці добрая ў вяскоўца кароўка, ці дастаткова забяспечана яна сенцам? Напрыклад, у нас у гаспадарцы выпасам прыватных гуртоў кароў займаўся штатны пастух, штомесяц у канторы калгаса атрымліваў грошы за сваю работу. Вада, соль на пашы – клопат гаспадаркі. Па жаданні кожны працаўнік мог атрымаць да гектара зямлі ва ўласнае карыстанне. Дапамагалі тэхнікай на ўсіх этапах – ад першаснай апрацоўкі зямлі да збору ўраджаю. Апроч добрых спраў, не варта шкадаваць і добрых слоў у адрас чалавека. У пэўных сітуацыях сардэчнае слова стымулюе не горш, чым нейкая матэрыяльная выгада.

Ну хіба ж не ісціна гаворыць вуснамі Пятра Міхайлавіча!

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара

і з архіва Пятра ВАРОНІНА.

One thought on “Лепшымі для сябе лекамі ляхавічанін Пётр Міхайлавіч Варонін лічыць фізічную працу

  • 29/03/2014 в 10:14
    Permalink

    Молодым стоит поучиться жизненной мудрости и физической активности.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *