У “Крынічцы” зоркі адбіваюцца

Кацярына Пілінога і Дар’я Тупік са сваёй любімай выкладчыцай Аленай Тумаш

16 сакавіка ў Баранавіцкім музычным каледжы праводзіўся VІІ абласны адкрыты конкурс “Крынічка”. У гэты дзень з усіх куткоў Беларусі (Мінск, Гомель, Бабруйск, Гродна, Віцебск, Магілёў, Слонім, Пінск і г.д.) сабраліся каля 180 юных музыкантаў па класе цымбалаў, балалайкі, домры і гітары. Дамрыстаў прыехала 62 чалавекі. Тым не менш, вучні дзіцячай музычнай школы па класе домры Кацярына Пілінога (3 кл.) і Дар’я Тупік (6 кл.) сталі пераможцамі ў намінацыі “Струнныя народныя інструменты”.

Канешне ж, цяжка было спаборнічаць нашым дамрыстам ва ўмовах такой канкурэнцыі. Але была ў іх ідэя – данесці да слухачоў і членаў журы сваю задуму. У Каці Пілінога, якая правучылася 2 з паловай гады, – данесці вобраз маці ў п’есе “Памяці Ясеніна” В. Гарадоўскай (у аснове верш “Ты жива ещё, моя старушка”). У 11 гадоў гэта складана – маленькай дзяўчынцы адчуць Ясеніна, перадаць строй думак і пачуццяў аўтара праз ўласныя адносіны да сваёй любімай матулі. Разам з таленавітым канцэртмайстрам Ірынай Тулейка гэта аказалася ажыццявімым. Але вось у канцы п’есы Каця застаецца адна. Яна выконвае маналог, сатканы з чароўных гукаў, выкананы рознымі прыёмамі ігры, бісерам рассыпаючы ўсё гэта перад строгім слухачом. А ў зале цішыня… Здаецца, усе перасталі дыхаць, быццам скамянелі. І вось доўгачаканыя апладысменты! Атрымалася! Данесла! На гадзінніку 11.00.

А Даша Тупік? “Элегія” Б. Дварыонаса трактавалася намі як эпапея пра Вялікую Айчынную. Колькі там трагізму! Тут жа гучыць калыханка маці, якая аплаквае на полі бою сваіх сыноў, далей гучаць званы, якія не даюць забыць пра веліч подзвігу нашага народа. І зноў у зале цішыня. Нібы мінута маўчання…

І вось “Калінка”… Сваёй непаўторнай прыгажосцю тэма пачынае “запальваць”. Балалаечная імітацыя на домры прымушае залу апладзіраваць. Ды і Даша смела ўсміхаецца ўсіх слухачам. У зале пайшоў шэпт: “Усё. Месца сярод пераможцаў забярэ яна”. На гадзінніку 18.30.

За плячыма 7 месяцаў работы. Часам апускаліся рукі: вобраз Ясеніна, Вялікай Айчыннай даваліся цяжка, бо яны, дзяўчынкі, такія маленькія для ўсяго гэтага! Як ім усё гэта перажыць!

У Ясеніна радкі “Ты жива ещё, моя старушка” цяпер па-іншаму чытаю і я. Перад вачамі твар маёй хворай матулі… А тут яшчэ 2 месяцы назад праз інтэрнэт знайшла магілу свайго дзядулі ў Берліне. Загінуў 27 красавіка 1945 г. За некалькі дзён да Перамогі.

Вобразы вайны і маці раскрыліся самі. Сілы і разуменне прыходзілі ад перажытага. Дзяўчынкі ведалі ўсё. Яны балелі і перажывалі разам са мной.

Послушайте!

Ведь если звёзды зажигают – значит,

Это кому-нибудь нужно.

Значит – это необходимо,

Чтобы каждый вечер над крышами загоралась хоть одна звезда?!

Алена ТУМАШ,

выкладчык Ляхавіцкай

дзіцячай музычнай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *