З пажаданнямі здароўя. У Крывошынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў завітала акцыя «Ад усёй душы»

5 студзеня ў Крывошынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў было святочна – сюды завітала акцыя «Ад усёй душы». Госці прыехалі павіншаваць пражываючых з надыходзячым Нараджэннем Хрыстовым і ўручыць ім падарункі.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Пажаданні моцнага здароўя, добрага настрою і дабрабыту гучалі ад старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Ларысы Юшкевіч, дырэктара ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзіміра Гунько, начальніка аддзела прымусовага выканання Ляхавіцкага раёна Наталлі Жураўскай, старшыні Крывошынскага сельвыканкама Сяргея Баргамона. Словы падзякі госці адрасавалі работнікам сацыяльнай абароны, якія 5 студзеня адзначалі прафесійнае свята.
Цудоўнае выступленне народнага ансамбля гумару і песні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК стала святочным сюрпрызам для пражываючых і калектыву дома-інтэрната.
Сёння ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце пражывае 105 падапечных, для якіх арганізавана якаснае медабслугоўванне, створаны камфортныя бытавыя ўмовы і ўмовы для цікавага правя-дзення вольнага часу.


Па словах дырэктара дома-інтэрната Яўгенія Сінілы, вялікі тэлевізар, падораны торфабрыкетным заводам, будзе ўстаноўлены ў пакоі, прыстасаваным пад імправізаваны міні-кінатэатр.
А спортінвентар ад аддзела прымусовага выканання прыйдзецца дарэчы для спартзалы, што зараз якраз абсталюецца. Туды ўжо закуплены трэнажоры і іншыя прылады. Сертыфікат ад раённай арганізацыі Фонда міру на суму 150 рублёў умацуе матэрыяльна-тэхнічную базу дома-інтэрната.
– Шчыра ўдзячны ўсім за ўвагу і нераўнадушныя адносіны да нашай установы і яе падапечных. Для многіх пражываючых дом-інтэрнат за час стаў сапраўднай сям’ёй. І калектыў стараецца стварыць атмасферу дамашняй утульнасці і клопату, – падкрэслівае Яўгеній Сініла.
Да прафесійнага свята Яўгеній Сініла ўзнагароджаны Падзякай старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.