Зноў з дарожнай тэмай звяртаюцца чытачы ў «Ляхавіцкі веснік»

Вёска Вялікая Лотва, вуліцы Школьная, Ламаносава… Па гэтых адрасах адправіўся ў мінулую сераду фотакарэспандэнт “Ляхавіцкага весніка”. Нагода – чарговы зварот ў сацыяльныя сеткі “ЛВ” абураных вяскоўцаў, якія паскардзіліся (з фотаздымкамі) на тое, што “дарогі ў в. В. Лотва не хочуць чысціць, машыны не могуць праехаць, звярталіся, а ў адказ – мы да вас прыедзем, і так ужо месяц едуць…
Таму чарговы зварот за тлумачэннямі адрасаваўся ДРБУ-200-менавіта на балансе гэтай арганізацыі знаходзіцца пераважная большасць вясковых дарог і вуліц. Вось як пракаменціраваў сітуацыю начальнік ДРБУ-200 Максім Муха:
–Пасля снегападаў мінулых дзён наша арганізацыя працуе амаль што ў кругласутачным рэжыме. Як заўжды, першачаргова тэхніка і людзі выходзяць на расчыстку дарог, якія вядуць да сельскіх населеных пунктаў. Потым пераходзім на вуліцы аграгарадкоў і вёсак. У дастатковай колькасці і работнікаў, і тэхнікі, і паліва. Што тычыцца непасрэдна вуліц Школьная і Ламаносава ў вёсцы Вялікая Лотва, то па стане на раніцу 17 студзеня, яны поўнасцю расчышчаны ад снега.
Карэспандэнт раёнкі вырашыў пераканацца ў гэтай інфармацыі. Здымкі зроблены ў першай палове дня 17 студзеня: сапраўды дарогі расчышчаны. Спакойна праязджае па вуліцах і спецтэхніка, аўталаўка. Адна з мясцовых жыхарак пацвердзіла, што з раніцы расчышчала дарогі і вуліцы дарожная тэхніка.
–Дарогі чысцяцца ад снегу і наледзі рэгулярна і якасна. Прэтэнзій да дарожнай службы няма. Калі і бываюць пэўныя затрымкі, то яны даволі рэдкія і звязаны з аўралам на іншых участках. Можа, некаторым уладальнікам аўтамабіляў варта самім узяць лапаты і расчысціць снег каля свайго дома? – гаворыць стараста вёскі Вялікая Лотва Мікалай Піліневіч.
І сапраўды, кожны павінен быць гаспадаром. Чаму б не дапамагчы і сабе, і дарожнікам, і камунальнікам – расчысціць пешаходную дарожку каля дома, аўтастаянку ў двары шматкватэрніка і не ставіць аўто на дарозе, замінаючы руху дарожнай спецтэхнікі.
Галіна КАНЬКО.