Яловыя плады для ляснога здароўя. У Ляхавіцкіх лясніцтвах зараз сезон збору шышак

Зіма – час збіраць ураджай шышак. Уборачную кампанію лясгасы аб’яўляюць менавіта ў халодны сезон, калі шышкі выспелі, шчыльна закрыліся, і насенне надзейна захавана.

Сёлета лясніцтвы Ляхавіцкага лясгаса заняты нарыхтоўкай толькі «пладоў» елкі.
– Насення сасны звычайнай назапасілі за мінулыя сезоны на некалькі гадоў наперад – больш за 180 кілаграмаў. І яно разам з яловым знаходзіцца на захоўванні ў лесанасенным комплексе Івацэвіцкага лясгаса. Зараз збор шышак у нашых лясніцтвах у асноўным вядзецца на тэрыторыях высечак, – расказвае намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка.
На рахунку лясгаса – паўтоны шышак. У Навасёлкаўскім лясніцтве сёння назапасілі ўжо 200 кілаграмаў. Збор пачалі ў студзені, ляснік Іван Курловіч (на здымку) паспеў нарыхтаваць больш за сотню кілаграмаў. Тлумачыць, што збірае з леснікамі шышкі з паваленых вальшчыкамі яловых дрэў, а да таго, яшчэ і спальваюць галлё. Летась лідарства было за братам Канстанцінам. Дарэчы, тут жа лесніком працуе і трэці брат – Уладзімір.
Калектыў Навасёлкаўскага лясніцтва, якое размяшчаецца ў Свяціцы, – 19 чалавек на чале з выконваючым абавязкі ляснічага Аляксандрам Гаўрыленем.
Іван Курловіч прыйшоў у лясніцтва 28 гадоў назад, і з таго часу яго працоўнае месца пад адкрытым небам з плошчай абходу больш як 1 000 гектараў. Вяскоўца, які з дзяцінства ведае ўсе свяціцкія ягадна-грыбныя месцы, не палохаюць ні снег, ні дождж.
– На работу іду з радасцю, цягне ў лес. Тут усё знаёмае, роднае. Не скажу, што ведаю ў твар усіх зайцоў, але адразу заўважаю, калі што не так, – дзеліцца ляснік.
Ахова лесу, навядзенне парадку і лесааднаўленне, догляд за ляснымі культурамі – няпоўны пералік працоўных абавязкаў Івана Курловіча. Дарэчы, за саджанцамі, на якія спакушаюцца ласі, ён даглядае, як за дамашняй расадай, клапатліва і з веданнем справы.
– Адказны, добрасумленны і акуратны работнік. За што ні возьмецца – зробіць якасна, – характарызуе Івана Курловіча бухгалтар Навасёлкаўскага лясніцтва Ірына Буйкевіч.
Намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка тлумачыць, што з тоны яловых шышак атрымліваецца каля 20 кілаграмаў насення, з сасновых – каля 15 кілаграмаў. У Ляхавіцкім лясгасе ў 2018 годзе на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва закладзена яловая плантацыя з саджанцамі елкі еўрапейскай палепшанай селекцыі. Калі з’явяцца плады, то насенне ўжо будзе лепшае, чым з лясных пасадак. А значыць, чакаецца лепшая прыжывальнасць саджанцаў, а дрэвы будуць больш магутнымі, адаптаванымі да хвароб і шкоднікаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва лясгаса.