Сход згладжвае вострыя вуглы. Першы сёлета сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прайшоў на Ляхавіччыне ў мінулую пятніцу

Першы сёлета сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прайшоў на Ляхавіччыне ў мінулую пятніцу. Такая форма прамога дыялогу «ўлада – насельніцтва» была ўведзена ў «абыходжанне» ў раёне ў 2021 годзе. Чацвёрты раз кіраўніцтва райвыканкама, райсавета і шэрага службаў, арганізацый, прадпрыемстваў, якія адыгрываюць найбольшую ролю ў забеспячэнні бяспекі і камфорту вяскоўцаў, пачынаюць год з вызначэння арыенціраў, што называецца, непасрэдна на мясцовасці.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

І трэці раз прадстаўнічая дэлегацыя сустракаецца з насельніцтвам Ганчароўскага сельсавета ў Тальмінавіцкім СДК. Пастаянства выбару месца тлумачыцца актыўнасцю мясцовых людзей. Дарэчы, магчымасцю задаць пытанне кожны раз карысталіся жыхары не толькі Тальмінавічаў, але і вёсак Ганчары, Мядзведзічы, Куршынавічы і іншых. Наогул жа, як прагучала, сельсавет самы шматлікі: у 24 населеных пунктах пражывае 1 300 чалавек. А значыць і праблем, вострых вуглоў, балючых кропак і прапаноў тут нямала. І якімі б лакальнымі яны ні былі з пункту погляду старонняга чалавека, для канкрэтных людзей, якія не могуць вырашыць гэтыя пытанні ўласнымі сіламі, яны не дробязныя і ўплываюць на зручнасць, камфорт, жаданне жыць у вёсцы і, канешне, адносіны да мясцовай улады і не толькі.


Пра тое, што зроблена ад мінулага сходу, у тым ліку па выкананні яго наказаў, расказаў старшыня сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч. Спіс унушальны: ад зносу пустуючага жылля і работ па навядзенні парадку паўсюдна да падключэння 78 дамоў да электраацяплення. Для апошняга рэканструявана ЛЭП у Тальмінавічах, зараз энергетыкі займаюцца рэканструкцыяй ліній электраперадачы ў Ганчарах. Нятанным для абласнога бюджэту і доўгачаканым для вяскоўцаў стала асфальтаванне пяцікіламетровага ўчастка дарогі Мядзведзічы – Куршынавічы. А вось пералік «хвастоў» не такі і доўгі. У ім, напрыклад, ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця вуліцы Лясной у Тальмінавічах.
На гэты раз жыхары тальмінавіцкай вуліцы Гагарышвілі прасілі разабрацца з зарослай канавай, з-за якой стаіць вада ў падвалах дамоў. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз нагадаў, што Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прывесці меліярацыйныя каналы ў парадак. Таму даручэнне кіраўніцтву ААТ «Жарабковічы» – увесну расчысціць канаву ад хмызняку і пры неабходнасці паглыбіць.
Жыхарка вуліцы Леніна ў Тальмінавічах паскардзілася, што вада адусюль цячэ ў яе агарод. Дзеля справядлівасці сказаць, там пераспрабавалі многае, але дом стаіць пад ухілам, у балоцістай мясцовасці, і яго рэгулярна падтоплівае. Старшыня сельвыканкама з начальнікам ДРБУ-200 яшчэ раз выедуць на месца, каб прапанаваць рашэнне набалелай праблемы.
Старшыня райпо Васілій Некрашэвіч на сходзе развеяў чуткі пра тое, што нібыта збіраюцца закрываць магазін у Мядзведзічах. Гэты адмоўны адказ тамашніх жыхароў парадаваў.
А вось адмоўны адказ дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэя Чайкоўскага, відавочна, не вельмі. На пытанне, ці будуць у Ганчарах мяняцца водаправодныя трубы, кіраўнік камунгаса адказаў, што вёска з-за малой колькасці насельніцтва ў бліжэйшыя гады не ўвойдзе ў праграму «Чыстая вада», таму пакуль можна разлічваць толькі на прамыўку труб. Што датычыць мясцовай свідравіны, вада ў ёй добрай якасці.
Яшчэ адно пытанне да камунгаса – пра падключэнне насельніцтва да кацельні, якая ацеплівае сельвыканкам і жылы дом. Жадаючыя ёсць, справа за правядзеннем цепласетак. Андрэй Чайкоўскі патлумачыў, што праектна-каштарысная дакументацыя вырабляецца, але грошай пракласці 3,3 кіламетра труб у камунгаса пакуль няма, сёлета на год на ўвесь раён прадугледжаны сродкі для правядзення
2,5 кіламетра цепласетак. Уся надзея на тое, што праект трапіць у абласную праграму і атрымае фінансаванне…
Тым не менш, і воднае пытанне, і цеплавое старшыня райвыканкама даручыў узяць на кантроль. Як і пытанне з бадзяжнымі сабакамі.
У раскладзе сходу – непрацяглыя і змястоўныя даклады па пытаннях, што хвалююць большасць насельніцтва, з акцэнтам на мясцовыя асаблівасці. Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў расказаў пра медабслугоўванне жыхароў раёна. Безумоўна, закранулі і тое, што напачатку года Ганчароўская амбулаторыя ўрача агульнай прак-
тыкі справіла наваселле ў абноўленым будынку. Сёння тут сучасны рамонт, абноўленае абсталяванне, у тым ліку электракардыёграф, транспарт для выезду і зручнасці для медыкаў і наведвальнікаў. Ёсць урач (няхай сабе на дзве амбулаторыі), у бліжэйшы час пасля водпуску і вучобы адновіць штотыднёвы прыём зубны фельчар.
Пра важныя, часам жыццёва, рэчы гаварыў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук. Асаблівую цікавасць выклікалі інфармацыя пра бяспеку банкаўскіх картак, тэлефонных махляроў, на чыю вуду трапіў не адзін жыхар раёна, пра чыгуначны траўматызм і, канешне, пацярпелых ад самагону, вытворцаў якога ў навакольных вёсках, на жаль, нямала. У адной з іх, дарэчы, мужчына атруціўся спіртным сумніўнага паходжання. Хочацца верыць, што тэлефон антысамагоннай гарачай лініі 6-06-46 мясцовыя запомнілі і пры неабходнасці праявяць грамадзянскую
свядомасць.


Ажыўленне выклікала з’яўленне за трыбунай дырэктара ААТ «Жарабковічы» Андрэя Новіка. На Тальмінавіцкім участку гаспадаркі сёння працуе 75 чалавек, так што падзеі, звязаныя з сельгаспрадпрыемствам, блізкія і зразумелыя. Гаварылі пра тое, што завяршылі рэканструкцыю цялятніка ў Гайнінцы і рамонт вагавай, пра тое, што рамантуецца бытоўка ў майстэрні, а ў 2025-2026 гадах плануецца будаўніцтва новай МТФ. Сучасная ферма – задавальненне
не таннае, але гэта, акрамя росту вытворчасці, новыя працоўныя месцы, павелічэнне зарплаты і паляпшэнне ўмоў працы.
Жыхары Тальмінавічаў дзякавалі былому кіраўніцтву ААТ «Жарабковічы», якое выканала абяцанне, дадзенае на такім жа сходзе, і год назад адкрыла ў вёсцы магазін. Не хапае кафэ з банкетнай залай, каб пры неабходнасці не ездзіць у суседні раён. Андрэй Новік кафэ не паабяцаў, але пацвердзіў намеры зрабіць для зручнасці насельніцтва банкетную залу ў памяшканні над магазінам.
– Мы прыехалі сюды, каб пачуць пра вашы праблемы і пастарацца дапамагчы. Так, праблемы ёсць, але яны вырашаюцца. І не толькі на сходах, але і падчас асабістых зваротаў, прамых ліній. Хочацца, каб у вас былі жаданне і настрой жыць і працаваць на сваёй зямлі. Ужо ў бліжэйшыя дні мы будзем выбіраць сваіх прадстаўнікоў у Парламент і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Ад таго, якім людзям мы даверым гэтыя пасады, залежыць многае. Заклікаю вас адказна падысці да выбару і карыстацца магчымасцю звяртацца да сваіх дэпутатаў, – зрабіў важкі акцэнт на электаральнай кампаніі Мікалай Мароз.

Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Па пытаннях мясцовага значэння

У Ляхавіцкім раёне праходзяць сходы грамадзян
па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.
Сёння сустрэча з жыхарамі Востраўскага сельсавета пройдзе ў Востраўскім СДК.
На 8 лютага запланаваны сход у Дараўскім СДК для жыхароў Конькаўскага сельсавета.
12 лютага пройдзе сход у Начаўскім СДК (з жыхарамі Начаўскага сельсавета), 13 лютага – у Ліпскім СДК (з жыхарамі Крывошынскага сельсавета), 14 лютага – у Задворскім сельскім клубе (з жыхарамі Альхоўскага сельсавета).
Удзел у сходах прымуць кіраўніцтва раёна, кіраўнікі службаў і арганізацый, якія забяспечваюць бяспеку жыццядзейнасці насельніцтва і самыя запатрабаваныя паслугі.
Пачатак сходаў у 17.30. Перад сходамі з 17.00 будуць арганізаваны канцэртныя праграмы.