Кіраўнік адміністрацыі Ялутараўска сустрэўся са старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама і старшынёй раённага Савета дэпутатаў
На гэтым тыдні прадаўжаецца візіт у Беларусь дэлегацыі Цюменскай вобласці. Праходзяць дзелавыя сустрэчы, перагаворы, бізнес-форумы, выставы, прэзентацыі, семінары. Свой інтарэс у Цюмені і да Ляхавіччыны.
Яшчэ ў 2014 годзе паміж беларускімі Ляхавічамі і расійскім Ялутараўскам было заключана пагадненне аб пабрацімскім супрацоўніцтве. Для актывізаці супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі мэр Ялутараўска быў запрошаны ў Ляхавічы, якія і наведаў сёння.
Візіт Вячаслава Смеліка хоць і доўжыўся ўсяго некалькі гадзін, але і за такі кароткі час выдаўся плённым. Кіраўнік адміністрацыі Ялутараўска сустрэўся са старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаем Марозам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам. Таксама Вячаслаў Смелік пазнаёміўся з ляхавіцкай прамысловасцю і прадукцыяй, якую выпускаюць прадпрыемствы рознай формы ўласнасці. Госць з Расіі пабываў на ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, ТАА “Трансэлектракамплект”, “ЮстаПласт”.






