Сувязь без збояў.Свой чарговы – 12-ы – дзень нараджэння ў красавіку адзначыў 17 асобны батальён сувязі, які дыслакуецца ў Ляхавіцкім раёне

Свой чарговы – 12-ы – дзень нараджэння ў красавіку адзначыў 17 асобны батальён сувязі, які дыслакуецца каля Дарава. Менавіта столькі гадоў ваеннаслужачыя батальёна выконваюць задачы па забеспячэнні сувяззю Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання, а таксама нясуць баявое дзяжурства па ахове паветраных межаў Беларусі.

Салдаты і афіцэры прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх вучэннях і трэніроўках, сярод якіх “Бярэзіна-2002”, “Чыстае неба –2003”, “Шчыт Айчыны-2004”, “Шчыт Саюза-2006”, “Восень-2008”, “Захад-2009”, “Захад -2013” і іншых. Неаднойчы асабовы састаў батальёна ўдзельнічаў у тактычных вучэннях з баявой стральбой на палігоне “Ашулук” Расійскай Федэрацыі, дзе заўсёды паспяхова выконваў заданні.

Па традыцыі дзень нараджэння часці адзначаецца ўрачыста. Сярод іншых атрыбутаў свята – узнагароджванне лепшых з лепшых, тых, хто бездакорна выконвае свае абавязкі. Нямала сярод іх і сёлета ўраджэнцаў Ляхавіччыны: маёр Усевалад Боднар, лейтэнанты Ігар Кабяшоў і Аляксандр Татарыновіч, старшы прапаршчык Алег Івановіч і прапаршчык Таццяна Сліва, яфрэйтар Святлана Кендыш. Яны, як і многія іх саслужыўцы, — прыклад высокага прафесіяналізму, адданасці справе, вернасці доўгу.

Асабовы састаў 17 асобнага батальёна сувязі з гонарам нясе службу, і кожны з ваеннаслужачых, незалежна ад звання, можа з упэўненасцю сказаць: “Збояў сувязі не будзе”.

Аляксандр КУДРАШОЎ,

камандзір 17 асобнага батальёна сувязі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *