Быць беларускай жанчынай. Напярэдадні свята «ЛВ» прапанаваў прадстаўніцам розных прафесій і ўзростаў працягнуць фразу «Я беларуская жанчына. І я абяцаю…

Якія яны розныя, нашы зямлячкі! І якія адзіныя ў сваім жаданні бачыць сваю сям’ю шчаслівай, а Радзіму – квітнеючай, мірнай, прыгожай. І не толькі мараць пра гэта, але і актыўныя ў сваіх дзеяннях! Напярэдадні свята «ЛВ» прапанаваў прадстаўніцам розных прафесій і ўзростаў працягнуць фразу «Я беларуская жанчына. І я абяцаю…»

Святлана САЛАСЦЕЕВА, майстар участка добраўпарадкавання камунгаса:

…Пастаянна радаваць землякоў і гасцей Ляхавіччыны чысцінёй і парадкам на вуліцах
і плошчах, у парках і скверах. А яшчэ рознымі прыгожымі сюрпрызамі ў выглядзе малых архітэктурных формаў, тэматычных кампазіцый. Беларусь, Брэстчына, Ляхавіччына – наш агульны дом, і вельмі хочацца, каб ён заўсёды заставаўся прыгожым.
А гэта залежыць не толькі ад камунальнікаў, але і ад кожнага земляка.

Анастасія ПАЛУКОШКА, старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння РАУС:

…Як і мае калегі – супрацоўнікі міліцыі, стаяць на варце правапарадку і законнасці. У сваёй рабоце не маю права на памылку, бо ад гэтага можа залежаць лёс чалавека. А яшчэ буду ўдасканальвацца ў прафесіі, пераймаць вопыт калег. У сённяшнім заканадаўстве нямала змяненняў, накіраваных на ўдасканаленне грамадства.

Ганна САСІМ, сацыяльны работнік ТЦСАН:

…Не шкадаваць для маіх паважаных і дарагіх бабуль і дзядуляў сардэчнай цеплыні, быць уважлівай і ветлівай, умець выслухаць іх і не адмовіць у вырашэнні праблемы. Разуменне, спачуванне, шчырасць і міласэрнасць – паняцці, без якіх у нашай прафесіі не абысціся. Сем маіх падапечных у Кавалях – людзі пажылыя, і кожнаму стараюся не толькі дапамагчы ў дамашніх клопатах, але і падарыць цудоўны настрой.

Ала ВАЙЦЕШЫК, загадчык магазіна «Родны кут» у вёсцы Галаўнінцы:

…Рабіць зручным жыццё землякоў, каб кожны мог прыйсці ў магазін і купіць усё неабходнае, накрыць стол для сям’і, парадаваць дзяцей прысмакамі, набыць бытавыя тавары, касметыку. Хочацца, каб у сельскай краме было ўсё неабходнае, а тавар толькі якасным і заўсёды разнастайным. Людзі ў вёсцы павінны жыць не горш, чым у горадзе – пра гэта гаворыць Кіраўнік дзяржавы.

Святлана СОБАЛЬ, аператар машыннага даення МТК «Зубелевічы» ААТ «Нача»:

…Шчыра і сумленна працаваць, каб землякі мелі магчымасць штодзень выбраць для сям’і смачныя і карысныя малочныя прадукты.
Да сваіх рагуль (а іх не менш за паўтысячы) стаўлюся, як да дзяцей.
Каб атрымаць малако высокай якасці, жывёлу трэба разумець, добра карміць і даглядаць. Гэта нялёгкая праца, але вельмі патрэбная. І мы з калегамі гэта разумеем.

Алена ГЕРУС, загадчык Начаўскага дзіцячага садка:

…Дарыць клопат і любоў сваім выхаванцам. І далей буду старацца,
каб у Начаўскім садку панаваў спрыяльны мікраклімат для работнікаў, а хлопчыкі і дзяўчынкі штодня спяшаліся сюды з радасцю. Ад таго, што мы, педагогі, разам з сям’ёй закладзём у дзіцячыя душы сёння, залежыць будучыня ўсёй краіны.

Марына ВАРМАХОЎСКАЯ, загадчык педыятрычнага аддзялення райбальніцы:

…Клапаціцца пра здароўе маленькіх землякоў. Я – медык, прадстаўнік адной з самых гуманных прафесій
у свеце, і клопат пра здароўе – не толькі справа па душы, але і вельмі вялікая адказнасць, бо здаровыя дзеці – гэта шчаслівая мама. А шчаслівая жанчына можа паспяхова рэалізоўвацца і ў прафесіі, і ў грамадскім жыцці, і ў сям’і.

Ларыса ГЛЕБ, бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі:

…Захоўваць багатую беларускую спадчыну, каб як мага больш людзей да яе далучалася. Па крупінках разам з калегамі збіраем каштоўны самабытны матэрыял. У бібліятэцы арганізавалі музейны пакой «Беларуская хатка», куды жыхары Падлесся і навакольных вёсак прыносяць прадметы ранейшага побыту, вырабы ткацтва, вышыўкі, саломапляцення, з гліны. У нас праходзілі здымкі тэлепраграмы «Маршрут пабудаваны». А на ютубе відэаролік каляднай песні «Радося» ў выкананні нашых зямлячак набраў больш за пяць тысяч праглядаў!

Кацярына КРАЎЧЭНЯ, маці-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу:

…Любіць дзяцей так, каб любоў валодала цудоўнай сілай выхавання, і мае хлопчыкі і дзяўчынкі выраслі добрымі людзьмі, знайшлі сябе ў жыцці, сталі сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны. Пераканана, у свеце наогул не павінна быць нелюбімых дзяцей!
Дастаўляе асаблівую радасць клапаціцца пра дзяцей, вучыць іх усяму, што сама ўмею, смачна гатаваць, абдымаць кожнага і жадаць ім добрага дня.

Кацярына МАКСІМЧУК, старшыня Ляхавіцкага фізкультурна-спартыўнага клуба:

…Праводзіць яшчэ больш разнастайных мерапрыемстваў для дзяцей, дарослых, пажылых землякоў, накіраваных на развіццё спорту і прапаганду здаровага ладу жыцця.
Тым больш, на Ляхавіччыне створаны неблагія ўмовы для гэтага, ёсць выдатная база для заняткаў спортам і актыўнага адпачынку. Запрашаю ўсіх землякоў незалежна ад узросту паклапаціцца пра сваё здароўе і выдатны настрой.