Урокі філасофіі. 4 мая споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Фларыяна Бохвіца

4 мая споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Фларыяна Бохвіца – беларускага філосафа, якому наканавана было стаць нашым земляком. Атрымаўшы юрыдычную адукацыю, Фларыян пэўны час працаваў адвакатам у Навагрудку. У 1838 годзе ён набыў маёнтак Старыя Вошкаўцы (сёння – вёска Ураджайная) і пражыў тут, зусім побач з Ляхавічамі, да канца жыцця – амаль два дзесяцігоддзі.

Ва ўтульным доме Фларыяна Бохвіца і яго жонкі Паўліны Маеўскай (дарэчы, сваячкі Адама Міцкевіча) збіралася мясцовая інтэлігенцыя, прыязджалі пісьменнікі і філосафы. У вясковай цішыні Фларыян пісаў свае творы, у якіх разважаў на маральныя і педагагічныя тэмы: “Сутнасць маёй думкі”, “Асновы маіх думак і пачуццяў”, “Думкі пра выхаванне чалавека”. Гэтыя і іншыя сачыненні былі выдадзены ў Вільні на польскай мове.

Бохвіц імкнуўся прымірыць рэлігійныя ідэі і навуку, падкрэсліваў ролю працы ў жыцці грамадства, выступаў за спалучэнне навучання з працоўнай дзейнасцю. І сцвярджаў: “Трэба вучыцца таму, што робіць нас карыснымі грамадству на розных пасадах і ў розных жыццёвых абставінах”. У такім духу выхоўваў і сваіх дзяцей.

Наогул, род Бохвіцаў мае цікавую і багатую гісторыю, якую “ЛВ” расказваў сваім чытачам некалькі гадоў назад у праекце “Гісторыя ў асобах”.

Фальварак Новыя Вошкаўцы перайшоў у спадчыну аднаму з сыноў Фларыяна Яну Отану – адукаванаму чалавеку, актыўнаму ўдзельніку паўстання 1863 года, які выступаў за адмену прыгоннага права, выдатнаму спецыялісту ў галіне сельскай гаспадаркі, асабліва садаводства. Недалёка ад бацькоўскай сядзібы ён пабудаваў сваю і назваў яе ў гонар бацькі – Фларыянавам (сёння Флер’янова).

Наступным уладальнікам Фларыянава стаў сын Яна і ўнук Фларыяна Тадэвуш, які, акрамя іншага, вядомы нам як добры сябар пісьменніцы Элізы Ажэшка. Дуб, пасаджаны вядомай госцяй фларыянаўскага пансіяната, даўно адзначыў 100-годдзе. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, да якой, дарэчы, “ЛВ” таксама звяртаўся неаднойчы.

Святлана БЕЛЬМАЧ.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *