Апраўдаць давер. Думкамі і ўражаннямі дзеляцца дэлегаты ВНС

Ганарова і ў той жа час вельмі адказна. Менавіта такія пачуцці ахопліваюць мяне пасля абрання дэлегатам УНС.
На культурнай ніве працую 35 гадоў. І заўжды стараюся як мага больш зрабіць для захавання багатай культурнай спадчыны Беларусі, выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў і пашану да сваёй Радзімы, быць сапраўднымі патрыётамі. З задавальненнем і інтарэсам займаюся грамадскай работай, больш за 10 гадоў – стараста аграгарадка Навасёлкі, і разам з Навасёлкаўскім сельвыканкамам вырашаем розныя праблемы землякоў. Сёлета ўпершыню абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў – такі давер мне аказалі выбаршчыкі Вялікалотаўскай выбарчай акругі. Прыкладу ўсе намаганні, каб апраўдаць іх чаканні. Лічу важным для
дэпутата ўменне аргументавана выказваць сваё меркаванне і абараняць занятую пазіцыю, а таксама ўмець выслухаць і пачуць сваіх выбаршчыкаў, каб рэальна ім дапамагчы.
Канешне, быць дэлегатам УНС – хвалюючая і даволі сур’ёзная місія. З нецярпеннем чакаю гэтай падзеі дзяржаўнай важнасці. Для мяне ўсё будзе ўпершыню. Ведаю, што на такіх форумах прымаюцца важныя для ўсёй краіны і кожнага яе жыхара рашэнні. Чаго чакаю ад VII Усебеларускага народнага сходу?
Упэўнена, будуць узняты, у першую чаргу, пытанні дзяржаўнай бяспекі, эканомікі і сацыяльнай сферы, маладзёжнай палітыкі, захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей. А самае чаканае –
выступленне Прэзідэнта Беларусі.
Зразумела, што ад кожнага дэлегата будуць патрабавацца актыўнасць, неабыякавасць і зацікаўленасць. Мы не павінны падвесці свой Першы рэгіён і дастойна прадставіць яго на Усебеларускім народным сходзе.

Таццяна ПІШЧ,
загадчык Навасёлкаўскага СДК.