Фармат узаемадзеяння

Трэці чацвер месяца па традыцыі праходзіць пад знакам адзінага дня інфармавання, у рамках якога інфармацыйна-прапагандысцкія групы ў складзе адказных асоб сустракаюцца з працоўнымі калектывамі раёна. Роля такіх зносін надзвычай важная: уздымаюцца актуальныя пытанні палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы, прадстаўнікі ўлады з першых вуснаў могуць даведацца пра праблемы насельніцтва, некаторыя вырашыць тут і цяпер.

18 красавіка ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза сустрэлася з калектывам ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», а група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам правяла сустрэчу з работнікамі цэнтра банкаўскіх паслуг № 117 ААТ «ААБ «Беларусбанк».
Галоўная тэма адзінага дня інфармавання – Усебеларускі народны сход як гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту. Дарэчы, у рабоце УНС прымуць удзел і нашы землякі, абраныя дэлегатамі: галоўны рэдактар раённай газеты Маргарыта Кухта-Маслоўская, загадчык Навасёлкаўскага СДК Таццяна Пішч і аператар па штучным асемяненні жывёл СВК «Ляхавіцкі» Іван Патаповіч.
На парадку адзінага дня інфармавання – і забеспячэнне павышэння камфортнасці пражывання і бяспекі грамадзян, эфектыўнасць аказання насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг.
Ляхавічане на сустрэчах узнялі праблему якасці дарожнага пакрыцця, бяспекі дарожнага руху, будаўніцтва басейна і іншыя. Усе пытанні ўзяты на аловак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.