Хто ўкраў цюльпаны ў Ляхавічах?


Чаму так адбываецца, што адны ўпрыгожваюць горад, каб ён быў утульным і зручным для жыцця, а другія, пэўна, адчуваюць задавальненне, калі псуюць зробленае іншымі.
Чырвонымі агеньчыкамі зазіхацелі ў райцэнтры цюльпаны. Але не доўга радавалі кветкі ляхавічан – знайшоўся той, хто пазрываў бутоны. На клумбах каля Галерэі славы і будынка пошты ад цюльпанаў засталося толькі сцябло.


І гэта не адзіны факт, што клапоціць камунальнікаў. На лаўцы паміж кінатэатрам “Кастрычнік” і магазінам “Капеечка” пасля вячэрніх маладзёжных пасядзелак звычайна застаецца непрыглядная карціна: асфальт, высланы шалупенне семак, пакеты ад чыпсаў і іншыя рэшткі “свята”. Прычым побач з лаўкай маецца сметніца, але некаторым смецце прасцей кінуць на зямлю ці на клумбу. Кожную раніцу камунальнікам даводзіцца выграбаць нямала смецця.
Няўжо так няўтульна жыць у прыгожым і чыстым горадзе і цаніць чужую працу? Робіцца ж для нас. Дарэчы, і сарваныя з гарадской клумбы кветкі, і кінутае на зямлю смецце кваліфікуюцца як правапарушэнне, і за падобныя дзеянні можна атрымаць штраф.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.