Кліча сенажаць. У Ляхавіцкім раёне пачалася масавая нарыхтоўка зялёных кармоў

А напярэдадні райсельгасхарч арганізаваў семінар па кормавытворчасці, на які запрасіў кіраўнікоў, галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. Мэта – нагадаць пра важнасць і значнасць кампаніі: ад таго, наколькі прадукцыйна папрацуюць гаспадаркі іменна цяпер, будзе залежаць іх далейшы вынік.

Не сакрэт, што багатыя і збалансаваныя рацыёны кармлення — гэта колькасць надоенага малака, атрыманых прываг і прададзенага дзяржаве мяса. Тым больш, як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, многія гаспадаркі мінулую зімоўку статка правялі з цяжкасцю і мацнейшым сельгаспрадпрыемствам давялося дзяліцца кармамі са слабейшымі, каб дапамагчы тым. Сёлета з улікам наяўнага пагалоўя патрэбна нарыхтаваць у сярэднім па раёне 22,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву БРЖ, а лепш – 25. Гэта будзе гарантыяй надзейнай зімоўкі. Каб выканаць запланаванае, неабходна ўбраць травастой на плошчы 11600 гектараў і нарыхтаваць 6500 тон сена, 62900 сенажу, 124300 тон сіласу. Як вядома, травы першага ўкосу даюць найбольшую масу кармоў.

Семінар быў арганізаваны на базе СВК “Шлях новы” – перадавой гаспадаркі, у арсенале якой магутная кормаўборачная тэхніка, дагледжаныя травастоі, добрыя спецыялісты і механізатары, якія працуюць па новых тэхналогіях.

Механізатары СВК «Шлях новы» Дзмітрый Новік і Дзмітрый Петух гатовы хоць сёння вывесці свае агрэгаты на сенажаць

Нягледзячы на тое, што сельгаскааператыў пашырае свае ўладанні за кошт далучэння не самых моцных гаспадарак, справы тут ладзяцца. Месцам правядзення семінара выбрана дараўская тэрыторыя, якая стала часткай СВК “Шлях новы” сёлета. На думку старшыні сельгаскааператыва Аляксандра Вашчука, прымяненне перадавых тэхналогій – гарантыя мець кармы ў дастатку і высокай якасці. Тут ёсць вопыт закладкі корму ў рулоны, абцягнутыя плёнкай. Яго спажыўныя якасці як мінімум удвая пераўзыходзяць самы высакаякасны сянаж з траншэі. Такі спажыўны корм з ахвотай паядае жывёла. Тэхніка, праўда, дарагая, не кожная гаспадарка можа такую дазволіць, але яна акупіць сябе вельмі хутка.

У планах сельгаскааператыва нарыхтаваць 17500 тон сенажу, 1800 тон сена. Тут перакананы, што кармы будуць высакаякасныя, паколькі сенакосы, у асноўным, перазалужаныя, шматкампанентныя. Галоўны аграном СВК “Шлях новы” Віталій Кульбіцкі расказаў пра падрыхтоўку траншэй для закладкі сенажу, тэхналагічныя працэсы кансервацыі корму. Пра мноства аспектаў, якія важна не ўпусціць пры сенакашэнні і закладцы траншэй, гаварыў галоўны спецыяліст па кормавытворчасці райсельгасхарчу Ігар Яварчук.

Важна не ўпусціць тэрміны бутанізацыі траў, бо іменна ў такой стадыі захоўваецца найбольш пратэінаў, якія робяць корм якасным і спажыўным, правільна здрабніць траву, абавязкова па тэхналогіі ўтрамбаваць у траншэю і герметызаваць плёнкай, таксама згодна патрабаванняў тэхналогіі.

Удзельнікі семінара паглядзелі на работу кормаўборачнай тэхнікі: не ў кожнай гаспадарцы ёсць такая сіла. Дарэчы, у сельгаспрадпрыемствах раёна 36 кормаўборачных камбайнаў, 46 касілак, столькі ж грабляў, з паўсотні прэсаў.

Усе гаспадаркі павінны ўбраць травы максімум за 2-3 тыдні. І тут без узаемнай выручкі не абысціся.

Старшыня райвыканкама падкрэсліў: акрамя таго, што патрэбна ўключыць у работу ўсю наяўную корманарыхтоўчую тэхніку, неабходна тэрмінова, да панядзелка, сфарміраваць яшчэ 2 звяны: адно – для дапамогі СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, другое — на базе райаграсэрвісу для дапамогі гаспадаркам, якія цалкам падрыхтуюцца для закладкі кармоў і не дапусцяць прастою. Кіраўнік раёна засяродзіў увагу на захаванні тэхнікі бяспекі: каб ні адзін удзельнік кормаўборачнай кампаніі не сеў за руль без інструктажу і без спецадзення; павінен быць кантроль за рэжымам работы; ва ўсіх гаспадарках арганізавана гарачае харчаванне, распрацаваны меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання ўдзельнікаў спаборніцтва, забяспечана галоснасць.

У нас ёсць усё неабходнае, каб паспяхова правесці кормаўборачную кампанію і па максімуму ўзяць кармоў з траў першага ўкосу. Патрабаванне: прыбавіць адказнасці, узмацніць тэхналагічную і працоўную дысцыпліну. З панядзелка ў раёне павінна пачацца масавая ўборка траў. Старшыня райвыканкама настроіў усіх на эфектыўную працу.

У рабоце семінара прыняў удзел старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *