Чарга, якая радуе. Мошчам святой Матроны пакланіліся тысячы ляхавічан

У панядзелак з самага ранку ляхавічане чакалі прыбыцця ракі з мошчамі святой блажэннай Матроны Маскоўскай. Як зазначыў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко, рэдкая магчымасць пакланіцца святым мошчам увасобілася ў жыццё дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву праваслаўнай царквы і ўлады.

На месцы правядзення праваслаўнай выставы-кірмашу прайшла святочная служба, і чарга жадаючых пакланіцца святыні разлілася ўздоўж плошчы неабсяжнай ракой. З усёй Ляхавіччыны і нават іншых раёнаў ехалі сем’і, каб датыкнуцца да мошчаў. Кожны прасіў у Матронушкі (так ласкава называюць яе людзі) для сябе і родных здароўя і міласці Божай. Чарга да мошчаў святой старыцы не меншала да позняга вечара, і раніцай у аўторак людзей не стала менш.

Нарадзілася Матронушка Маскоўская (у свеце Матрона Дзмітрыеўна Ніканава) у 1885 годзе ў Тульскай губерніі. З нараджэння ў дзяўчынкі не было вачэй, але звыш ёй быў падараваны духоўны зрок. Яна прадбачыла стыхійныя бедствы і сацыяльныя ўзрушэнні. Вылечвала людзей і вучыла іх жыць з малітвай, не асуджаць блізкіх, часцей прычашчацца.

У цэнтры яе напружанага духоўнага жыцця былі вера, любоў да людзей. Як і пры жыцці, а, магчыма, нават і больш, яна і сёння дапамагае людзям. Інакш як растлумачыць феномен – бясконцую чаргу да мошчаў святой.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *