На сувязі з друкам. 7 мая работнікі сувязі адзначаюць прафесійнае свята

Нягледзячы на сучасныя тэхналогіі і магчымасці інтэрнэту, паштальён і сёння для многіх жыхароў Ляхавіччыны – жаданы госць і веснік добрых навін. 7 мая работнікі сувязі адзначаюць прафесійнае свята. Віншаванні прымае і старшы інструктар – інспектар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях Баранавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Марына Палонская (на здымку).


Па родзе дзейнасці яна ведае, хто з землякоў якім выданням аддае перавагу. Адзначае, што на першым месцы ў ляхавічан, канешне, «Ляхавіцкі веснік», на які самая высокая шчыльнасць падпіскі: па стане на пачатак года каля 170 экзэмпляраў на 1 000 чалавек. На пастаяннай сувязі старшы інструктар з арганізацыямі і прадпрыемствамі па пытаннях аднаўлення падпісных тыражоў як на раёнку, так і абласныя, рэспубліканскія СМІ. Разам з калегамі Марына Палонская – і першыя рэдакцыйныя памочнікі, якія зацікаўлена рэкламуюць «веснік» чытачам.
Інтарэс да паштовай прафесіі ў дзяўчынкі з Малога Гарадзішча ўзнік яшчэ ў школьныя гады. Марына прызнаецца, што ёй заўсёды падабалася работа з людзьмі, прыцягвала нейкая магія пасылак, пісьмаў і паштовак, адчуванне свята і казкі, якое ўзмацнялася напярэдадні навагодніх святаў. Спачатку скончыла Брэсцкае прафесійнае вучылішча сувязі, а пасля Мінскі дзяржаўны каледж сувязі. Першым месцам працы стала аддзяленне паштовай сувязі ў Куршынавічах, дзе працавала аператарам паштовай сувязі. У працоўнай біяграфіі была і пасада начальніка гарадскога аддзялення сувязі, а таксама групы
па апрацоўцы і сартаванні пошты.
Агульны стаж на «Белпошце» ўжо 18 гадоў, з якіх 4 гады – старшы інструктар – інспектар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях. Нягледзячы на манатоннасць і карпатлівасць дзейнасці, работу сваю вельмі любіць і ставіцца да яе адказна, добрасумленна. Асабліва напружаны перыяд у падпісную кампанію, але гэта і не толькі квартальная, і нават месячная і паўгадавая падпіска. Сярод прафесійных абавязкаў і аднаўленне падпіснога тыражу, і своечасовая дастаўка друкаваных сродкаў масавай інфармацыі падпісчыкам, удасканаленне тэхналагічных працэсаў паштовай сувязі агульнага карыстання, распрацоўка і ўкараненне новых паслуг, развіццё сеткі паштовай сувязі і іншыя. Марына Палонская з тых, хто і сёння сваім родных з задавальненнем падпісвае паштоўку з нагоды дня нараджэння, з Новым годам і іншымі святамі.
– Улюбёная ў справу – гэта пра Марыну Палонскую. Камунікабельная і зацікаўленая, яна ўмее наладзіць адносіны з кліентамі, старанна ўнікае ва ўсе тонкасці работы. Пастаянна ўдасканальвае і прафесійныя навыкі, – адзначае начальнік Баранавіцкага РВПС Вольга Арэхва. Напярэдадні прафесійнага свята яна шчыра віншуе калег і ветэранаў, адрасуе ім пажаданні здароўя, натхнення і сямейнага дабрабыту.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.