Пра рамонт, марожанае і іншае. У Ляхавіцкім райвыканкаме адбылася чарговая нарада

Свайму новаму намесніку па эканоміцы Таццяне Кацуба старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч парэкамендаваў акрамя іншага дзейсную ўвагу ўдзяліць рабоце райпо па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва. На апаратнай нарадзе Вячаслаў Лукіч у каторы раз засяродзіў увагу на тым, да чаго не даходзяць райпоўскія намаганні: адсутнасць вулічнага гандлю, адставанне ад сезонных нюансаў у абслугоўванні (у прыватнасці, гаворка ішла пра неіснуючую пакуль магчымасць бацькам з маленькімі дзецьмі адпачыць за столікам кафэ, няхай і вулічнага, паласавацца марожаным, сокам, газіроўкай), іншыя складальнікі высокай культуры абслугоўвання.

Начальніку ПМК-17 Аляксандру Ладыгу старшыня райвыканкама задаў тры канкрэтныя пытанні: аб работах, якія арганізацыя павінна была закончыць у аздараўленчым лагеры “Чайка”; аб ходзе і якасці капітальнага рамонту дома № 4 па вуліцы Южакова ў райцэнтры; аб заданні, якое дадзена будаўнічай калоне на рэканструкцыі льнозавода. На жаль, ні на адно з пастаўленых пытанняў кіраўнік арганізацыі не даў здавальняючага адказу. Ёсць і праблема з перадачай прададзенага з аўкцыёну перасоўнай механізаванай калонай № 17 будынка завода ЖБВ. З такой сітуацыяй мірыцца нельга. Трэба тэрмінова мяняць падыходы да справы.

Прэтэнзіі старшыні райвыканкама да начальніка ПМК-17 аб’ектыўныя і абгрунтаваныя: дрэнная якасць арганізацыі вытворчасці і ўсе вынікаючыя адсюль выдаткі. Вячаслаў Сельмановіч адзначыў нездавальняючую работу кіраўніка арганізацыі і арганізацыі ў цэлым. Тэрмін для работы над памылкамі мінімальны. Рыхтуецца адпаведны зварот райвыканкама ў аблсельгасбуд.

Кіраўніку падраднай арганізацыі і адначасова заказчыку работ па капітальным рамонце дома № 4 па вул. Южакова — КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” — Аляксандру Мядзвецкаму дадзена даручэнне па актывізацыі рамонтных работ.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *