Ляховичи: поработаем и отдохнём

Выхаванцы лагера працы і адпачынку «Авантаж» 2013 года СШ №1

Мары пра канікулы ў многіх юнакоў і дзяўчат звязаны не толькі з магчымасцю набрацца сіл і адпачыць, але і падзарабіць грошай. На жаль, знайсці работу на летні час атрымліваецца не ва ўсіх.

Для школьнікаў Ляхавіччыны вакансій, мякка кажучы, не густа. Наймальнікі не спяшаюцца браць непаўналетніх з-за асаблівых умоў працы, якія ім неабходна арганізаваць.

Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леаніда Калбасы, лагеры працы і адпачынку і сёлета на пачатку чэрвеня запрасілі рабят сумясціць карыснае з прыемным. Начаўскія школьнікі ў лагеры, акрамя цікавага правядзення часу, будуць займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі школы і вёскі. Пералік работ тухавіцкіх школьнікаў будзе вызначаць торфабрыкетны завод, дзе свае 4 гадзіны (такі працоўны дзень вызначаны заканадаўствам для падлеткаў ад 14 да 16 гадоў) рабяты будуць убіраць рэшткі дрэў на палях здабычы брыкету.

Гарадскія школьнікі, як і летась, папрацуюць на добраўпарадкаванні райцэнтра.

– У Ляхавіцкай ЖКГ склаліся дзелавыя адносіны з гарадскімі ўстановамі адукацыі. У адпаведнасці з вызначаным працоўным заканадаўствам пералікам работ фарміруецца пакет дакументаў, неабходных для арганізацыі занятасці школьнікаў. У рабят ёсць імкненне і жаданне працаваць, а работы па добраўпарадкаванні ў горадзе хапае: ад праполкі клумбаў да падфарбоўкі гарадскіх аб’ектаў, — адзначае дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі.

Па словах першага сакратара райкама БРСМ Тамары Пракап’юк, працоўныя месцы на летні перыяд прапануюць моладзі і некаторыя сельгаспрадпрыемствы, у прыватнасці СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”.

Школьнікі, якія жадаюць працаўладкавацца, звяртаюцца ў райкам з заяўкамі і запаўняюць анкеты. У сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” на старонцы раённага камітэта БРСМ, як запэўніла Тамара Пракап’юк, будзе змешчаны пералік работ. Студэнты педагагічных навучальных устаноў змогуць папрацаваць у аздараўленчым лагеры “Чайка”.

Па традыцыі ў каледжы, як і ў мінулыя гады, 15 самых актыўных і паспяховых па выніках сесіі ў другой палове ліпеня ўвальюцца ў рады студатрадаўцаў. Зараз абмяркоўваюцца аб’екты, на якіх будзе працаваць атрад “Флагман”. Дарэчы, работа ў будаўнічым атрадзе залічваецца юнакам і дзяўчатам у вытворчую практыку.

Летась на падмене водпускаў паштальёнаў паспяхова працавалі нашы маладыя землякі. Па словах начальніка РВПС Вольгі Арэхва, пошта і сёння прапануе тым, каму 18 і больш гадоў, падзарабіць на дастаўцы карэспандэнцыі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *