Квітней, наш лес! Школьнікі з Ляхавіцкага раёна напісалі даследчыя работы на конкурс і перамаглі

Напрыканцы красавіка Міністэрства лясной гаспадаркі сумесна з дзяржаўнымі вытворчымі лесагаспадарчымі аб’яднаннямі аб’явіла аб правядзенні рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес!”. Да конкурсу, які ўжо стаў традыцыйным, з кожным годам далучаецца ўсё больш удзельнікаў.

Як расказала намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка, школьнікі з Тухавіцкай, Тальмінавіцкай і Крывошынскай школ актыўна ўключыліся ў спаборніцтва, напісалі даследчыя работы па вызначаных тэмах і паспяхова прайшлі ў абласны этап.

Па яго выніках праца рабят Тухавіцкай СШ з эколага-краязнаўчага гуртка “Мой край” (кіраўнік Тамара Васько ) “Заказнік мясцовага значэння “Лагоня” і яго наваколлі” ў намінацыі “Устойлівае лесакіраванне” заняла ганаровае першае месца.

Юныя эколагі прадставілі на суд абласнога журы разам з даследчай работай яе дадатак – праект экалагічнай сцежкі “Шушанскі лес”, праект эколага-турыстычнага маршруту заказніка “Лагоня” з наваколлем і буклет заказніка. У рэспубліканскім этапе прадстаўляць работу будзе васьмікласніца Вольга Бабарэка.

Даследчая спроба вучаніцы Крывошынскай СШ Анастасіі Сельмановіч “Загадкі рэдкай флоры Крывошынскага лясніцтва” (кіраўнік Юрый Сельмановіч) у намінацыі “Экалогія лясных раслін” стала другой у абласным конкурсе. Дзяўчынка ў даследаванні выкарыстоўвала, у тым ліку, матэрыялы пра флору Рэпіхаўскага парку. Дарэчы, іх з поспехам можна прымяняць на практыцы – у эколага-турыстычнай дзейнасці.

Работа тальмінавіцкай школьніцы Ганны Князюк “Роля баброў у фарміраванні экасістэмы на малых вадаёмах у наваколлях аграгарадкоў Тальмінавічы і Русінавічы Ляхавіцкага раёна” хоць і не была адзначана журы пераможным месцам, але ўяўляе экалагічны інтарэс. Васьмікласніца разам з кіраўніком школьнага лясніцтва Эмай Федаровіч зрабілі шмат фотаздымкаў па тэме, паказалі ўплыў рачных “будаўнікоў” на экасістэму.

Сабраны школьнікамі ў даследчых работах матэрыял пашырае веды пра малую радзіму, можа выкарыстоўвацца пры арганізацыі экалагічных сцежак і турыстычных маршрутаў па Ляхавіччыне.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *