« З табою б я пайшоў у разведку». У Ляхавіцкім раёне ветэранам і былым вязням фашысцкіх канцлагераў уручаюць юбілейныя медалі

Да 3 ліпеня на Брэстчыне будзе ўручаны 6391 юбілейны медаль “70 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (2742 – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і 3649 – былым вязням фашысцкіх канцлагераў). Адначасова ўдзельнікам вайны ўручаюць святочныя “трохвугольнікі” – віншавальныя паштоўкі ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да 70-й гадавіны вызвалення краіны ад фашысцкіх акупантаў і да Дня Незалежнасці.

У Ляхавіцкім раёне на мінулым тыдні ў дамы і кватэры 77 удзельнікаў вайны завіталі прадстаўнікі раённай улады, сацыяльнай службы, ваенкамата, грамадскіх і маладзёжных арганізацый, каб выканаць гэту ганаровую місію. Ніхто не забыты, нішто не забыта.

Ці не галоўным доказам салдацкай вартасці ў вайну было: “З табою б я пайшоў у разведку”. У час Вялікай Айчыннай Рыгор Логвін быў разведчыкам, з якім ісці на заданне аднапалчане лічылі справай надзейнай. 89-гадовы Рыгор Логвін амаль у дэталях памятае кожны эпізод сваёй вайны. І па-ранейшаму невыносна цяжка ад успамінаў. Слёзы наварочваюцца на вочы ветэрана Вялікай Айчыннай, калі расказвае, як з сям’ёй уцякалі з абжытага дома ў Нараўлянскім раёне ад наступаючай фашысцкай навалы летам 1941 года, як у 43-м юнаком прызвалі ў рады Чырвонай Арміі, як на вачах гінулі сябры, які колькі разоў і яго, дывізійнага разведчыка 1-й Маскоўскай матарызаванай дывізіі, не шкадавала куля.

Ляхавічанін Рыгор Логвін – адзін з тых, каму днямі ўручаны медаль «70 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў»

…Некалькі месяцаў вучобы ў школе малодшых камандзіраў — сяржант Логвін разам з такімі ж бязвусымі юнакамі быў адпраўлены ў дзеючую армію. Кемлівага, разважлівага пехацінца заўважылі адразу. Не аднойчы малады разведчык хадзіў у тыл ворага, дабываў важную інфармацыю, браў “языка”. “Зависит от разведчиков исход: Сумеют ли они спасти пехоту…” – гэта і пра Рыгора Логвіна і яго аднапалчан.

— Кожны раз беражліва завязвалі ў вузялок фотакартачкі, ваенны білет, узнагароды, пісьмы з дому – у тыл ворага іх забаранялася браць, —успамінае ветэран. І дадае: — Даражэй усіх узнагарод вера і любоў, з якой мяне чакалі родныя.

Колькі разоў на валасок ад смерці быў Рыгор Цімафеевіч. І сёння штодня пра сябе нагадваюць параненыя рукі і ногі. Але, як з усмешкай гаворыць ветэран, на маладым усё зажывала хутка — пасля шпіталю зноў вяртаўся на перадавую і заўсёды толькі ў сваю дывізію. Успамінае і нібы чарговы раз пераглядае ваенны фільм, чуе, як па дывізіі пранеслася: забіты генерал, камандуючы 3-м Беларускім фронтам Іван Чарняхоўскі…

Рыгор марыў сустрэць вестку пра Перамогу ў Берліне. Але фашысцкая куля пад Кенігсбергам зрабіла сваю чорную справу – разведчык цудам застаўся жывым. Ён без вока. Потым было доўгае лячэнне па шпіталях. Толькі ў 1956 годзе Рыгор Логвін вярнуўся дамоў, у Нароўлю. Разам з землякамі будаваў новае, мірнае жыццё, ажаніўся, у сям’і нарадзіліся сын і дачка. Працаваў у пажарнай службе, а потым доўгі час сталярнічаў, ды яшчэ як – залатыя рукі Логвіна ведала ўся Нароўля. Але для Рыгора Цімафеевіча і яго землякоў лёс прадугледзеў яшчэ адно выпрабаванне. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС змяніла жыццё і перасяліла жыхароў забруджаных тэрыторый ў чыстыя рэгіёны. Так сям’я Логвінаў трапіла ў Ляхавічы. Жонка ветэрана памерла 14 гадоў назад. Але Рыгор Цімафеевіч рэдка застаецца адзін, часта яго наведваюць дзеці, 8 унукаў і 28 праўнукаў і прапраўнукаў. Малодшае пакаленне сям’і цікавіцца ваенным мінулым бацькі і дзеда, распытвае пра шматлікія медалі.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень цікавіцца, як жыве ветэран.

І вось днямі на святочным пінжаку Рыгора Логвіна яшчэ адной заслужанай узнагародай стала больш. Ветэрану разам з пажаданнямі здароўя ўручылі юбілейны медаль, віншавальную паштоўку- трохкутнік , гадзіннік і матэрыяльную дапамогу.

– Дзень вызвалення Беларусі, як і Дзень Вялікай Перамогі, – для мяне самыя галоўныя і важныя святы. Ганаруся тым, што і хоць невялікая мая заслуга ёсць у тым, што наш народ, наша армія перамаглі фашызм. Я шчаслівы чалавек, бо жыву ў незалежнай і міралюбівай краіне, — гаворыць Рыгор Логвін.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *