Практыка без межаў у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы

Непадзельнасць тэарэтычных ведаў і практыкі — адзін з галоўных прынцыпаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тэхналагічную і пераддыпломную практыку каляджане праходзяць па-за межамі навучальнай установы і пераважна па месцы будучага размеркавання. Гэта дазваляе не толькі спаўна адчуць асаблівасці выбранай прафесіі, але і ацаніць свае веды, здольнасці, умовы працы.

Знаёмству з перадавым вопытам гаспадарання, у тым ліку сучаснымі заходнееўрапейскімі тэхналогіямі, надаецца нямала ўвагі ў ЛДАКу.

Быў час, калі навучэнцы каледжа мелі магчымасць праходзіць практыку ў Германіі, з інтарэсам знаёміліся з вопытам замежных фермераў.

Былі ўстаноўлены кантакты з навучальнай установай Люблінскага ваяводства – Саюзам сельскагаспадарчых школ у Кіянах. Імпульсам для развіцця супрацоўніцтва паміж двума рэгіёнамі — Ляхавіцкім і Ленчыцкім — стаў дагавор, падпісаны летась. Дакумент, у тым ліку, прадугледжваў абмен вучнёўскай моладдзю, выкладчыкамі, знаёмства з культурай і традыцыямі рэгіёнаў. Візіт польскай дэлегацыі ў снежні 2013 года пацвердзіў намеры абмену, які стаў магчымым гэтай вясною.

Юнакі і дзяўчаты рыхтаваліся да паездкі – на факультатыўных занятках спасцігалі азы польскай мовы.

Першы дэсант каляджан высадзіўся сёлета на лэнчыцкай зямлі 27 красавіка. На працягу трох тыдняў будучыя плодаагароднікі і аграномы працавалі ў гадавальніках дэкаратыўных раслін, заатэхнікі і ветфельчары — на конезаводзе, дзе польскія фермеры дэманстравалі майстар-клас, паказваючы і расказваючы пра сваю гаспадарку. Прыемна, што гаспадары з вялікай увагай ставіліся да практыкантаў, знаходзілі час не толькі для слушных прафесійных кансультацый, але і для арганізацыі адпачынку нашых рабят. Напрыканцы практыкі кожны з навучэнцаў атрымаў сертыфікат і падарунак. Але самай лепшай узнагародай для каляджан сталі добрыя словы польскіх аграрыяў пра іх прафесійную падрыхтоўку. Дарэчы, за час “гасцявання” ЛДАКаўцы наведалі ваяводскі цэнтр, паўдзельнічалі ў гістарычнай маёўцы, сустракаліся з мясцовай моладдзю.

Выкладчыца Таццяна Прыхач так праніклася тэхналогіяй вырошчвання дэкаратыўных дрэў і кустоўя, што адразу пасля вяртання дадому высадзіла ў цяпліцы каледжа пробную партыю туй і іншых раслін.

Гэтай восенню ЛДАК будзе прымаць польскіх навучэнцаў.

Намеснік дырэктара ЛДАКа па вучэбнай рабоце

Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *