Нечаканая чаканая абноўка. У Ляхавічах акрамя вуліцы 60 гадоў Кастрычніка, асфальт будзе пакладзены яшчэ на 10 завулках, якія прылягаюць да гэтай вуліцы

Нечакана атрымала чаканую абноўку вуліца 60 гадоў Кастрычніка ў Ляхавічах. Не першы год, як жыхары гэтай вуліцы райцэнтра прасілі аб дапамозе. З просьбай добраўпарадкаваць вуліцу яны звярталіся ў розныя інстанцыі, на прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян.
Чарговы раз раёнка ўзгадвала пра гэту тэму ў лютым бягучага года. Менавіта тады ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама адзначылі: для таго, каб заасфальтаваць вуліцу, неабходны немалыя грашовыя сродкі, без фінансавання з абласнога бюджэту не абысціся. Гаварылася і пра тое, што на бліжэйшыя гады асфальтаванне менавіта гэтай вуліцы
не плануецца. Аднак здарылася прыемнае.
– Пасля шматлікіх зваротаў жыхароў вуліцы 60 гадоў Кастрычніка, у тым ліку калектыўнага звароту да кіраўніцтва Брэстчыны, з абласнога бюджэту выдаткавана дадатковае фінансаванне на паляпшэнне стану вулічна-дарожнай сеткі горада Ляхавічы. У жніўні пачаліся падрыхтоўчыя работы па ўкладцы асфальтавага пакрыцця, а з 31 жніўня дарожная арганізацыя горада Клецка пачала ўладкаванне асфальтавага пакрыцця. Акрамя вуліцы 60 гадоў Кастрычніка, асфальт будзе пакладзены яшчэ на 10 завулках, якія прылягаюць да гэтай вуліцы, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Яўна будзе пасаваць асфальтавае пакрыццё і дарогам сельскіх населеных пунктаў. Гэтымі днямі асфальтаўкладчыкі працуюць на пад’ездзе да Флер’янова. Дарожныя работы праводзіць ДРБУ-200 і плануе іх завяршыць да канца верасня 2024 года.
Галіна КАНЬКО.

