На Купала ночка мала. Як ляхавічане сустрэлі купальскую ноч
Беларускія народныя святы вельмі багатыя на традыцыі, звычкі, паданні, якія беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Купалле не выключэнне. Не толькі ў прадстаўнікоў старэйшага пакалення, але і ў моладзі яно асацыюецца з палымнеючым на ўсё наваколле вогнішчам, абрадавымі песнямі і карагодамі, спусканнем на ваду вяночкаў і варажбой па іх, зборам лекавых раслін. І ў абавязковым парадку – з пошукам чароўнай папараць-кветкі.
Ужо не адно дзесяцігоддзе ляхавічане святкуюць Купалле разам – арганізавана. Раней – на беразе Ведзьмы, а апошнія гады – у парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Сцэнарый заўсёды быў традыцыйным: народныя песні, тэатралізаванае прадстаўленне, гульні. А з якім азартам і захапленнем чакалі і дзеці, і дарослыя, калі запаліцца ачышчальнае вогнішча, паплывуць па рэчцы сплеценыя дзяўчатамі вянкі. А потым – танцы да світання… Большасці землякоў і гасцям горада такое святкаванне Купалля падабалася.
Сёлета 6 ліпеня прыпала на нядзелю, да гэтага былі 3 выхадныя дні. У парку аказалася надзвычай шматлюдна. Для дзяцей сапраўднае раздолле – працавалі 5 атракцыёнаў, чарга за білетамі доўга не змяншалася. У ціры праверыць сябе на трапнасць і вытрымку спрабавалі землякі розных узростаў. Прадавалі напіткі, кандытарку, папкорн і цацкі. Вось бадай і ўвесь пералік забаў.
На танцпляцоўцы праводзіліся гульні, ішоў канцэрт. Гэта сучасны бок Купалля, якім яго, напэўна, бачаць культработнікі. А што ж народныя традыцыі? Выступленне народнага ансамбля народнай песні “Крыніца”, запалены касцёр. Ні карагодаў, ні “барацьбы” з нячыстай сілай, ні традыцыйных купальскіх замоў. Пра вянкі і ўвогуле размова не вялася: не па траве ж іх пускаць… Арганізаваная культурная частка мерапрыемства доўжылася крыху больш за гадзіну. Далей кожны забаўляўся, як мог. Вярнуўшыся дадому і ўключыўшы тэлевізар, адчула вялікую зайздрасць: паказвалі святкаванне Купалля ў Александрыі. Зразумела, там рэспубліканскі і нават міжнародны ўзровень. Але чым мы горшыя! І ляхавіцкія работнікі ўстаноў культуры, калі захочуць, такое прыдумаюць — дзіву даешся.
Што ж, пачакаем года наступнага. Купалле зноў збярэ сяброў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Купалье -языческий праздник, в православном государстве не должно быть таких праздников.