Даўгунец-маладзец. Пра церабленне льну на фоне пачатку гарачага ўборачнага сезона ў Ляхавіцкім раёне

Добры настрой – складальнік паспяховай работы. Машыніст ільноцерабілкі Уладзімір Маслоўскі – адзін з лепшых у сваёй справе.

Раённае свята першага снапа – зажынкі, – якое прайшло ў “Начы”, у ідэале павінна было пакласці пачатак гарачаму сельскагаспадарчаму сезону. Але працяг атрымаўся вялым. У пятніцу, суботу, нядзелю надвор’е кідала гром, маланкі і суправаджала ўсё гэта парывамі моцнага ветру – якая ўборка. Патрэбны кліматычны баланс – пастукаем па дрэве ў надзеі, што надоўга, – здарыўся ў панядзелак.

Тым самым шлагбаўм перад уборачным караванам адкрыўся, лічбы ў графах “скошана, абмалочана, намалочана, ураджайнасць” павольна, але дружна папаўзлі ўверх. Так, па стане на 15 ліпеня, уборку азімага рапсу распачалі ўсе, за выключэннем дзвюх, сельгасарганізацыі раёна. Тактыку чакання абралі СВК “Жарабковічы”, у якога самы буйны сярод раённых аграрыяў рапсавы клін, і “Ляхавіцкі”, які з году ў год не здраджвае сабе ва ўменні не на самых лепшых землях атрымліваць самыя лепшыя ўраджаі. Пакуль жа, да ўключэння ва ўборку названых кааператываў, сярэднераённы рапсавы гектар “сыпле” 24,5 цэнтнера. Зусім блізка да 30 цэнтнераў бяруць у “Шляху новым” і “Начы”, што, на ўчарашні дзень, з’яўлялася ўраджайным максімумам. Фактычна чацвёртая частка 3120-гектарнага рапсавага кліна абмалочана, і першыя сотні тон алейнага насення папоўнілі ўжо засекі.

У праекцыі на збожжавыя каласавыя сітуацыя наступная. З уборкай 120 гектараў азімага рапсу СВК “Шлях новы” (30 гектараў) і ЗАТ “Белпрампрыбор” (90) справіліся. У Навасёлках ураджайнасць культуры аказалася некалькі меншай, а вось галаўнінскія 45 цэнтнераў на круг успрымаюцца як нядрэнны вынік.

У структуры вырашчаных у гэтым годзе аграрыямі раёна 16 тысяч гектараў каласавых збожжавых больш як чвэрць складае азімае трыцікале. Даволі асцярожна, аднак, да яго ўборкі асобныя гаспадарнікі раёна таксама прыступілі ўжо. Сярод такіх “Востраў-Агра”, “Нача”, “Шлях новы”. Як праінфармаваў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Яварчук, названы апошнім у спісе сельгаскааператыў атрыманыя на гэтым этапе ўборкі цэнтнеры трыцікале задзейнічае для плюшчэння і закладкі ў якасці корму. Наяўны паказчык вільготнасці зерня знаходзіцца ў рамках адпаведных тэхналогіі плюшчэння.

Ільноцерабілка самаходная двухпаточная ў дзеянні

А лён-даўгунец – сапраўды маладзец. Як мінімум, такім выглядае на адным з палёў, дзе ў гарачы поўдзень мінулага панядзелка давялося пабываць. Палетак належыць ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” і з’яўляецца адным з многіх у структуры льнопасеваў прадпрыемства абсягам 1435 гектараў. Больш за дзесяць дзён ужо, як завадчане вядуць церабленне даўгунцу. Прызначаная для таго льноцерабілка самаходная двухпаточная з работай спраўляецца па-заліхвацку. Манеўраная, рухаецца дастаткова хутка, пакідаючы за сабой паралельныя стужкі свежавырванага льну. Машыніст Уладзімір Маслоўскі вопытны кіроўца агрэгата, адзін з лепшых у сваёй справе завадчан. З раніцы – у поле, на базу – далёка не раннім вечарам. Па словах Уладзіміра, пры належным старанні, мінімуме палёгліцы і іншых фактарах спрыяльнасці за доўгую змену рэальна выцерабіць да 30 гектараў. Пацвердзіў Уладзімір і аматарскае меркаванне карэспандэнта адносна ацэнкі якасці вырашчанай культуры: “Нядрэнны ў гэтым годзе лён. І палёгліцы менш”.

З мовы лічбаў у нашым выпадку найбольш паказальнай з’яўляецца 40 працэнтаў, якая паказвае суадносіны выцерабленых плошчаў ільну ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” да ўвогуле вырашчанага.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *