Кастрычніцкі дабрабыт. У кастрычніцкія дні на Ляхавіччыне стала больш маладых сем’яў

У кастрычніцкія дні на Ляхавіччыне стала больш на 10 маладых сем’яў, чатыры з якіх зарэгістравалі свае адносіны ў сельвыканкамах: Крывошынскім і Ганчароўскім, а дзве шлюбныя цырымоніі адбыліся ў Альхоўскім сельвыканкаме.
Сярэдні ўзрост жаніха – 36 гадоў, нявесты – 32. Самымі юнымі маладымі ў кастрычніку сталі 21-гадовы жаніх і 18-гадовая нявеста. Сталі мужам і жонкай 44-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі і 52-гадовая ляхавічанка. Як растлумачыла начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік, замежныя грамадзяне не могуць зарэгістраваць шлюб у сельвыканкаме, толькі ў раённым загсе.
У кастрычніку ў радах жыхароў Ляхавіччыны прыбылі пяць нованароджаных дзяўчынак і чатыры хлопчыкі. Шэсць пасведчанняў аб нараджэнні бацькі атрымалі ў аддзеле загса райвыканкама, па адным у Жарабковіцкім, Конькаўскім і Крывошынскім сельвыканкамах. Дочак бацькі назвалі Маргарытай, Евангелінай, Вікторыяй, Арынай і Златай, сыноў – Уладзіславам, Ільёй, Маркам, Арсеніем.
Здаравячком месяца стаў Арсеній, які нарадзіўся вагой 4 100 грамы пры росце 56 сантыметраў. У сям’і ён другое дзіця. Дзюймоўкай, па даных аддзела загса, лічыцца Маргарыта, вага якой – 3 090 грамаў і рост 51 сантыметр. Першынец зарэгістраваны ў адной сям’і, другое дзіця – у пяці сем’ях. Трэцяе дзіця нарадзілася ў дзвюх сем’ях, а ў адной – чацвёртае.
Сярэдні ўзрост кастрычніцкага бацькі – 29 гадоў, маці – 27. Самымі маладымі бацькамі лічацца 25-гадовы бацька і 18-гадовая маці. Максімальным узростам для бацькоўства ў кастрычніку стаў 35-гадовы для бацькі, 36-гадовы для маці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА