І куратары, і памочнікі, і настаўнікі

Даўнія спрактыкавана-партнёрскія стасункі ў сельгаспрадпрыемстваў з іх памочнікамі: райветстанцыяй, райплемстанцыяй, ільнонасенстанцыяй, раённым аддзелам хімізацыі і дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

Калектыў раённай ветэрынарнай станцыі ў адказе за лячэнне і прафілактыку хвароб жывёл, арганізацыю і правядзенне лабараторна-
дыягнастычных даследаванняў, за ветэрынарна-санітарную якасць прадуктаў жывёльнага і расліннага паходжання. У тым, што сёлета ў сельгаспрадпрыемствах знізіліся паказчыкі па падзяжу буйной рагатай жывёлы, немалая заслуга і калектыву райветстанцыі, які плённа папрацаваў у плане прафілактыкі захворванняў жывёлы.
– Галоўнае – не дапусціць распаўсюджвання небяспечных захворванняў сельскагаспадарчай жывёлы, такіх як бруцэлёз, туберкулёз, лейкоз, якія могуць быць небяспечнымі і для здароўя людзей. Ёсць такое выказванне акадэміка Паўлава: урач лечыць чалавека, а ветэрынарны ўрач – чалавецтва. Таму работнікі райветстанцыі трымаюць на пастаянным кантролі пытанні здароўя жывёлы і займаюцца прафілактыкай. Для гэтага выязджаюць непасрэдна ў сельгаспрадпрыемствы, праводзяць імунізацыю, – расказвае начальнік райветстанцыі, галоўны ветэрынарны ўрач Ляхавіцкага раёна Павел Хевук. Сотні даследаванняў (радыелагічных, хіміка-тэхнічных, сералагічных, бактэрыялагічных) у дзень праводзяць супрацоўнікі лабараторыі, якую ўзначальвае намеснік начальніка райветстанцыі Вераніка Дуля. За паўгоддзе ў ветстанцыі праведзена больш за 42 тысячы даследаванняў. Каб на рынку рэалізоўвалася толькі экалагічна чыстая і бяспечная прадукцыя, клапоцяцца работнікі лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы пад кіраўніцтвам Ганны Дзяцел. Шырокі спектр дзейнасці ў тых, хто працуе ў ветэрынарнай лячэбніцы пад кіраўніцтвам Дзяніса Яфімчыка. Тутэйшыя ветурачы лечаць
хатнюю і свойскую жывёлу, выязджаюць па выкліках па гарадскіх і сельскіх адрасах, аказваюць паслугі і гаспадарам, якія трымаюць уласную гаспадарку. Дарэчы, галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу падпарадкоўваецца і ўся ветэрынарная служба сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Здавалася б, вузкая, але такая важная спецыялізацыя ў філіяла КУП «Брэст- ільнонасенне» Ляхавіцкай міжраённай ільнонасенстацыі – вырошчванне льну на насенне, ачыстка насення і яго продаж, прычым не толькі сельгаспрадпрыемствам Ляхавіччыны, але і іншым раёнам вобласці. Спраў у калектыву з 18 чалавек хапае. Для механізатараў сезон пачынаецца з падрыхтоўкі глебы, далей сяўба, апрацоўка пасеваў, уборка, церабленне даўгунцу. Працоўны тон задаюць трактарысты Дзмітрый Арлоўскі, Іван Сокал, Андрэй Гудзіноўскі, Аляксей Станіславовіч. Паўночны шоўк тут сёлета сеялі
на плошчы 400 гектараў. Лён парадаваў добрай ураджай-
насцю – на насенне – 8,5 цэнтнера з гектара, трасты – 40,3 цэнтнера
з гектара.

Усяго сем чалавек працуюць у Ляхавіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Ад іх прафесіяналізму, адказнасці залежыць, наколькі якасным і падрыхтаваным будзе насенне для чарговай пасяўной кампаніі. Без вердыкту ад спецыялістаў райінспекцыі зерне ў зямлю
не ляжа. Па словах начальніка інспекцыі Таццяны Лойка, толькі ў жніўні – верасні бягучага года для сяўбы азімых праверана,
апрацавана больш за тры тысячы тон насення азімых зерневых культур. Пад пільным кантролем спецыялістаў і прымяненне ў сельгаспрадпрыемствах сродкаў абароны раслін.

Ёсць у Ляхавіцкім раёне і падраздзяленне Брэсцкай абласной станцыі хімізацыі. Вядучы аграхімік па Ляхавіцкім раёне Аксана Ламанос удакладняе, што асноўная функцыя – распрацоўка планаў прымянення удабрэнняў для сельгасарганізацый раёна.
Акрамя таго, у абавязкі ўваходзіць распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па вапнаванні кіслай глебы.
Асноўная функцыя гэтага памочніка аграрыяў – кантралюючая, у тым ліку за эфектыўным выкарыстаннем удабрэнняў, вапнаваннем, укараненнем новых відаў і спосабаў унясення мінеральных удабрэнняў і павышэннем іх эфектыўнасці, правільным захоўваннем. Аксана Ламанос расказала, што раз у 4 гады праводзіцца раённае аграхімічнае абследаванне глебы, якое паказвае аграхімічны састаў кожнага поля. На падставе атрыманых даных складаецца карта ўрадлівасці зямель раёна. Дарэчы, апошняе абследаванне праведзена
летась. У раёне выяўлена 22 тысячы гектараў кіслай глебы (у 2019-м – 16 тысяч гектараў). І каб палепшыць урадлівасць такіх палёў,
неабходна ўнясенне вапнавых матэрыялаў.

Селекцыя сельскагаспадарчай жывёлы, племянная работа – гэтым займаюцца дырэктар ляхавіцкай племстанцыі РСУП «Брэстплемпрадпрыемства» Надзея Цямчык і заатэхнікі Марына Страмавус і Мікалай Шынгель.
Заатэхнікі райплемстанцыі ў адказе за здароўе і аднаўленне статка буйной рагатай жывёлы, паляпшэнне генетычнага патэнцыялу, таму пастаянна цесна супрацоўнічаюць з заатэхнікамі-селекцыянерамі, асемянатарамі з усіх гаспадарак раёна.

Галіна КАНЬКО.