Палявыя дарогі вядуць у Рэйтанава. У “бункеры” вытворчага ўчастка “Рэйтанава” 11 з паловай тысяч тон свежага збожжа

Аляксандр Шалавін, вадзіцель Віктар Крысюк, механізатар Ігар Чарамных.

Жніво гэтага года, хоць і не стала яшчэ гісторыяй, у гісторыю ўвойдзе абавязкова. Як мінімум дзве – вельмі добрая і добрая – акалічнасці могуць служыць таму прычынай. Высокі ўраджай, якім сёлетняя ніва аддзячыла раённым аграрыям за нястомны пра сябе клопат, – першая і галоўная з іх. Больш за 50 цэнтнераў зерня з сярэдняга раённага сельгасгектара ўспрымаецца не інакш, як залатой лічбай. Прыемна адзначыць і той факт, што па паказчыку важкасці коласа сярод рэгіёнаў вобласці ляхавічане саступаюць толькі сваім геаграфічным суседзям — Баранавіцкаму раёну. І то нязначна і без гарантыі, што статус-кво захаваецца на фінішы ўборкі. Яна, дарэчы, “размяняла” ўжо апошнюю чвэрць дыстанцыі. Чаму, канешне ж, пасадзейнічала спрыяльнае на працягу апошняга часу надвор’е. Яно і ёсць другая – добрая – акалічнасць.

Але акрамя тэмпаў, спякота адчувальна аблегчыла нагрузку на зернесушыльныя комплексы гаспадарак, а дзякуючы мінімізацыі расходаў на закуп для іх паліва, сабекошт сёлетняга ўраджаю, лагічна думаць, пойдзе ў мінус. Што ёсць плюс для эканомікі сельгаспрадпрыемстваў.

Яе работа – лабараторная. Тэхнік-лабарант Валянціна Сцепанель.

Але не той хлеб, што ў полі, а той, што ў засеках. Іменна ў якасці збожжавых засекаў сярэдняй магутнасці і высокай арганізацыі справы ўяўляецца размешчаны ў нашым раёне вытворчы ўчастак “Рэйтанава” ААТ “Баранавічхлебапрадукт”. Адно з трох аднатыпных падраздзяленняў акцыянернага таварыства валодае складскім “фондам” на, прыкладна, 25 тысяч тон збожжа. Добрае сушыльнае і лабараторна-аналітычнае забеспячэнне дазваляюць тэсціраваць паступаючае збожжа па паказчыках якасці, засмечанасці, па ўтрыманні вільгаці. Атрыманыя даныя і служаць арыенцірам – вызначаюць далейшы шлях паступіўшых тон збожжа: напрамую ў склад для захоўвання, на сепарацыю ад пабочных уключэнняў, на дасушку да складскіх 14 працэнтаў вільготнасці. Але апошняе, па прычыне, якая вышэй была ўжо агучана, сёлета асаблівых намаганняў не патрабуе. Старшы майстар участка Вадзім Козел сыпле лічбамі і не заглядвае ў “шпаргалкі”: “У асноўным зерне паступае патрэбна сухім. Дасушыць вымушаны былі 500 тон насення рапсу, 1800 – жыта, 300 – фуражнага ячменю, 200 – трыцікале. У цэлым, атрымліваецца, 2800 тон прапусцілі праз сушылку. Пры тым, што вал нарыхтовак склаў, на сённяшні дзень, 11,5 тысячы тон зерня розных культур”.

Апошняя лічба фактычна раўняецца планаваму заданню па нарыхтоўках, што даведзена на сезон вытворчаму ўчастку “Рэйтанава”. Калі не лічыць 800 тон крупяных культур – грэчкі, проса, іншага, час уборкі якіх прыходзіць пазней, з канцом жніўня арыенціровачна.

Участак працуе з сельгасвытворцамі ў асноўным свайго і Ганцавіцкага раёнаў, у меншай ступені на Рэйтанава “завязаны” збожжавытворцы Івацэвіцкага і Баранавіцкага раёнаў. Там размешчаны і працуюць свае падобныя ўчасткі.

Будучы медык Кацярына Болтуць часова перакваліфікавалася ў пробаадборшчыцу.

Пра тое, што пік хлебанарыхтовак мінуў, лёгка было здагадацца. Ні аднаго хлебнага транспарту ні перад участкам, ні на яго тэрыторыі. Сама тэрыторыя чыстая, нібы страявы пляц паказальнай воінскай часці, вымецена – нідзе ні зярнятка. Рэдкія мэтавыя перамяшчэнні персаналу, роўны гул працуючых механізмаў наводзілі на думку пра наладжанасць работы, прафесіяналізм работнікаў. Нягледзячы на той факт, што на час “высокага сезона” ўчастак “Рэйтанава” пашырыўся штатна. Прыйшлі 12 сезоннікаў – вагаўшчыкі, пробаадборшчыкі, грузчыкі. У асноўным маладыя жыхары навакольных населеных пунктаў – студэнты на канікулах.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшы майстар участка Вадзім Козел і бухгалтар Ганна Юнік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *