З медалістаў – у студэнты
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна для выпускнікоў школ прагучаў апошні званок, разам з аднакласнікамі і настаўнікамі яны сустракалі світанак, хваляваліся перад тэсціраваннем, губляліся ў выбары будучай прафесіі і ўважліва сачылі за вынікамі маніторынгу ўступнай кампаніі. А з якой радасцю знаходзілі сваё прозвішча ў спісе студэнтаў той ці іншай ВНУ!
Уступнай кампаніі папярэднічала не менш адказная – тэсціраванне. Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марыя Саракавік, 34 сёлетнія выпускнікі па асобных прадметах атрымалі ад 80 да 96 балаў. Бясспрэчныя лідары – гімназіст Аляксей Заяц і Дзмітрый Кухарчык з Жарабковіцкай СШ, якія набралі па 96 балаў адпаведна па матэматыцы і беларускай мове. Увогуле, па 7 прадметах ляхавіцкія юнакі і дзяўчаты на тэсціраванні паказалі вынікі вышэй сярэднеабласных.
Па словах Марыі Саракавік, з 211 юнакоў і дзяўчат раёна, якія 2 месяцы назад атрымалі атэстаты сталасці, палова стала студэнтамі ВНУ (летась – 43 працэнты).
З года ў год пацвярджаюць трывалыя веды ляхавіцкія медалісты. Усе сёлетнія ўладальнікі ”залатога” атэстата – ужо студэнты.
Вучань Жарабковіцкай СШ Міхаіл Літвіновіч не толькі паспяхова вучыўся, але паралельна паказваў добрыя вынікі ў спорце, выступаў за футбольную каманду “Граніт” (Мікашэвічы). Залаты медаль плюс добра здадзеныя тэсты і ўдала вытрыманыя спартыўныя іспыты – і Міхаіл прымае віншаванні з паступленнем у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.
Кацярына Салодкая з гімназіі, Мікіта Тарабаш (СШ № 1), Дзмітрый Кухарчык (Жарабковіцкая СШ) – студэнты-першакурснікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Прыгажуні, актывісткі, разумніцы – гэта і пра медалістак СШ № 2 Таццяну Свянтэцкую і Любоў Таранду – цяпер студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адразу 3 залатыя медалісткі – былыя гімназісткі Дар’я Мацейчык, Кацярына Максімчык, Кацярына Лук’янчык будуць спасцігаць азы абраных прафесій у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Спраўдзілася мара і выпускніцы СШ № 2 Крысціны Саракавік – яна зрабіла першы ўпэўнены крок да таго, каб стаць біятэхнолагам – паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Там жа будзе вучыцца і гімназістка Юлія Равінская. Яшчэ адна “залатая” вучаніца гімназіі Аляксандра Васілевіч прымерала на сябе белы халат і з верасня пачне вучыцца ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Таксама гімназіст Аляксей Заяц даўно вырашыў – будзе настаўнікам і толькі ім. Каб атрымаць жаданую прафесію, стаў студэнтам БДПУ імя М. Танка.
Дарэчы, сёлета медалісты без экзаменаў маглі стаць студэнтамі любога выбранага педагагічнага ВНУ па любой спецыяльнасці. Наступная навіна сёлетняй уступнай кампаніі – надзвычай прыемная для педагогаў. Як ніколі ў папярэднія гады, вырас інтарэс да педагагічных спецыяльнасцей. Толькі ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка паступілі 8 нашых юных землякоў. Ёсць будучыя настаўнікі з Ляхавіччыны ў БрДУ, БарДУ, іншых ВНУ. Увогуле, як адзначыла Марыя Саракавік, як і ў папярэднія гады, найбольш папулярнымі ў сёлетніх выпускнікоў былі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт.
Яшчэ адна важная акалічнасць: сёлета амаль усе выпускнікі школ працягнуць вучобу далей – у ВНУ, ССНУ, ПТВ і ліцэях.
Галіна КАНЬКО.
Фота СЯргея ВАРАНОВІЧА.