Рыхтуем сані, рыхтуемся самі


На двары горача: вельмі і ўжо каторы дзень. Але ўсё праходзіць. І час, калі на змену цяперашняй спякоце завітае зусім іншы атмасферны фон, не здаецца і не з’яўляецца нечым далёкім. А цеплавы камфорт дамоў, кватэр, вытворчых і іншых бытавых памяшканняў давядзецца рэгуляваць штучным спосабам. Аўтаномна, калі вы “сам сабе кацельня”, ці карыстацца паслугамі ў рамках так званага цэнтральнага цеплазабеспячэння. Галоўным “цеплагенератарам” раёна з’яўляецца КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.
На балансе прадпрыемства знаходзіцца 25 кацельных аб’ектаў, абсталяваных, увогуле, 83 катламі. У рознай колькасці, разнастайнай магутнасці, разлічаных на спажыванне тых ці іншых відаў паліва. Так, цвёрдапаліўнымі з’яўляюцца 16 кацельняў, работа 7 заснавана на выкарыстанні прыроднага газу, 2 – камбінаваныя: могуць працаваць як на цвёрдых відах паліва, так і на прыродным газе.
Рыхтуй сані летам. Ісціна, бы свет старая, не становіцца ад таго менш актуальнай: каб без збояў, у штатным парадку адпрацаваць на працягу ўсяго ацяпляльнага сезона, падрыхтоўку да яго патрэбна было пачынаць ужо “учора”. У адпаведнасці іменна з абазначаным алгарытмам жыве і працуе зараз спецыялізаваны ўчастак КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.
Па стану на канец мінулага тыдня, паведамілі ў жылкамунгасе, з 83 ацяпляльных катлоў ЖКГ 50 прыведзены ў, што называецца, поўную баявую гатоўнасць і могуць хоць заўтра запрацаваць на мак-сімальную магутнасць. 18 – патрабуюць бягучага, згодна з папярэднім графікам тэхнічнага абслугоўвання, астатнія 15 знаходзяцца ў працэсе рамонту. На ўсё пра ўсё нашым камунальнікам яшчэ адпушчаны месяц і некалькі дзён. 100-працэнтная гатоўнасць кацельнай гаспадаркі да новага ацяпляльнага сезона павінна наступіць – даведзена да канца тэхабслугоўванне, завершаны ўсе рамонты – не пазней за 1 верасня.
— “Задача цалкам рэальная”, – лічыць начальнік участка кацельнай гаспадаркі жылкамунгаса Міхаіл Новік. З ім, а таксама старшым майстрам участка Валерыем Таркайла ў мінулую пятніцу мы і наведалі некалькі кацельняў ЖКГ, каб на іх прыкладзе паспрабаваць “адсачыць працэс.”
Размешчаная побач з гімназіяй кацельня, па словах, да зімовай эксплуатацыі падрыхтавана поўнасцю. “Завязаная” на комплекс жылых дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай і гімназію, зараз выкарыстоўваецца прыкладна на 5–10 працэнтаў сваёй магутнасці. Каб забяспечыць спажыўцоў гарачай вадой, гэтага дастаткова. З 4-х газавых катлоў пад нагрузкай, ды і то з перыядычным адключэннем, знаходзіцца толькі адзін. Падчас тэхналагічнага перапынку, што меў месца, быў праве-дзены комплекс прафілактычных і рамонтных работ. У прыватнасці, выканана ачыстка катлоў і водападагравальніка сістэмы гарачага водазабеспячэння. З улікам будаў-ніцтва і ўключэння ў сістэму новых дамоў і, адпаведна, павелічэннем цеплавых нагрузак адна з трох сеткавых помпаў была заменена на помпу большай магутнасці. Гэтага пакуль дастаткова, аднак, у далейшым, па словах спецыялістаў, з пашырэннем жылога квартала ўзнікне неабходнасць рэканструкцыі ў бок павелічэння магутнасці і самой кацельні.

Значныя рэабілітацыйныя ме-рапрыемствы праведзены сёлета на кацельні вёскі Каранеўшчына. Маецца на ўвазе, у першую чаргу, сам будынак. Кажуць, яшчэ параўнальна нядаўна аб’ект выклікаў слязлівую рэакцыю: працякаў месцамі дах, стаялі падгніўшыя аконныя і дзвярныя блокі, са сцен можна было чакаць падзення цаглін. Усё гэта выпраўлена. Шляхам поўнай замены ці аднаўлення. Кацельня, якая працуе на прыродным газе, гатова тэрмінова даць цяпло сваім спажыўцам. Дарэчы, яе гігакалорыі расходуюцца выключна на ацяпленне жыллёвага фонду Каранеўшчыны. Іншыя патэнцыяльныя спажыўцы – мясцовы ачаг культуры, напрыклад, – маюць, відавочна, нейкую альтэрнатыву. Вытворчы ж рэсурс кацельні пікава выкарыстоўваецца працэнтаў на 30–40.
У адрозненне ад кацельні, цеплавыя сеткі Каранеўшчыны выклікаюць заклапочанасць. Наспеў час іх замены, калі гаварыць адкрытым тэкстам. Падрыхтавана праектная дакументацыя, непадалёку ад будынка кацельні штабялём ляжаць трубы. Аднак поўнай матэрыяльнай забяспечанасці пакуль не дасягнута. Нягле-дзячы ні на што, па словах Міхаіла Новіка, Ляхавіцкая ЖКГ у любым выпадку мае намер ажыццявіць гэтыя работы ў блізкі час.
Самая, бадай, “гарачая кропка” кацельнай гаспадаркі Ляхавіцкай ЖКГ – Падлессе, дзе ў мінулы ацяпляльны сезон былі сур’ёзныя праблемы. На момант наведвання мясцовая кацельня ўяўляла змрочную карціну. Зараз яна знаходзіцца ў стадыі “глыбокага” рамонту. Працягваецца, у прыватнасці, абмуроўка двух з чатырох катлоў. На думку Міхаіла Новіка, тыдні два часу яшчэ спатрэбіцца для гэтага. Неабходна таксама правядзенне некаторых перадсезонных тэхніка-прафілактычных мерапрыемстваў, запланавана замена дымаходнай трубы. Што да самога будынка, падрыхтаваны для замены аконныя блокі, плануецца рамонт даху і касметычны ўнутраны. Не ў лепшым, мякка кажучы, стане і мясцовая цеплавая траса. Распачаты яшчэ ў мінулым годзе яе рамонт сёлета павінен прыйсці да лагічнага ў поўным аб’ёме завяршэння.
Падлеская кацельня – адна з 18-ці на балансе ЖКГ, што працуюць з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва. На 12-ці з іх навесы для складавання дроў функцыянальна ўжо цалкам падрыхтаваны. На астатніх 6-ці, у тым жа Падлессі, а таксама Русінавічах, Федзюках, Малым Гарадзішчы, Востраве і Жарабковічах будработы працягваюцца і выйшлі, як правіла, у завяршальную фазу.
Што ёсць пакласці пад навес? Мяркуйце: у цэлым па ЖКГ назапашана (ужо ці яшчэ – не ведаю), 1500 кубічных метраў дроў. І, тут жа ў працяг тэмы адзначым, каля 500 тон тарфяных паліўных брыкетаў, масавая вывазка якога толькі пачалася, а пад яго захоўванне, дарэчы, на ўсіх кацельнях-спажыўцах адведзены спецыяльныя памяшканні.
Між тым, да 1 кастрычніка паліўныя склады жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна павінны быць запоўнены 5500 кубічнымі метрамі дроў і 2940 тонамі тарфяных брыкетаў. Названыя аб’ёмы складаюць прыкладна 70 працэнтаў гадавой патрэбы ЖКГ у мясцовых відах паліва. “Выцягнуць” гэтыя аб’ёмы – няпростая задача, аднак, усё для таго робіцца.
Да пачатку ацяпляльнага сезона штат участка “Кацельная гаспадарка” КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” павялічваецца дзесяткі на 3 работнікаў. Набор, між іншым, ужо адкрыты. Для працы ў Жарабковічах патрэбны работнікі, у тое ж Падлессе, на іншыя цеплаэнергетычныя аб’екты ЖКГ.
Пытанне падрыхтоўкі кацельнай гаспадаркі раёна да ацяпляльнага сезона – пад пільнай увагай раённай улады, якая кантралюе ход гэтых работ.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *