На жаль, нездавальняюча

Пазачарговае пасяджэнне райвыканкама ставіла мэтай прааналізаваць стан і развіццё сельгасвытворчасці раёна на прыкладзе СВК “Шлях новы”, нагадаць задачы па арганізацыі зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. Безумоўна, аналіз не абмежаваўся толькі “Шляхам новым”, сур’ёзная размова датычыла работы бадай кожнай гаспадаркі.

Арганізацыя вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў раёне патрабуе сур’ёзнай карэкціроўкі. Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, у раёне няма ніводнага сельгаспрадпрыемства, дзе была б праве-дзена поўная мадэрнізацыя ў жывёлагадоўчай галіне, на лічаных фермах прымяняюцца новыя тэхналогіі гаспадарання.

Ішла размова і пра вытворчую дысцыпліну. У сельскай гаспадарцы, як вядома, “па званку” працоўны дзень не заканчваецца, але многія ўзялі сабе за правіла: 18 гадзін — і тэхніка ўжо на машынным двары, жывёла не падаслана, кароў дояць несвоечасова. Па словах кіраўніка раёна, часта беспарадак на фермах пераходзіць у сапраўдны вэрхал, утвораны за агароджамі. Тое, што чацвер – санітарны дзень, які павінен прысвячацца стварэнню належных санітарна-бытавых умоў на фермах, а ў пятніцу па працоўным графіку – навя- дзенне парадку на прыфермскіх тэрыторыях, успамінаюць нямногія.

Старшыня райвыканкама нагадаў: калі ўжо не будуецца нічога новага, трэба навесці і падтрымліваць ідэальны парадак у старых памяшканнях. Добры санітарны стан – гэта не толькі ўмовы працы людзей і ўтрымання жывёлы. Гэта яшчэ і якасць прадукцыі. Інакш навошта разважанні пра прагрэсіўныя тэхналогіі, зарплату, калі не ў стане зрабіць элементарнае і малазатратнае.

Намеснік начальніка райсельгасхарчу па вытворчасці Максім Гульковіч на канкрэтных прыкладах прааналізаваў прычыны і ступень адставання некаторых гаспадарак па вытворчых паказчыках у жывёлагадоўчай галіне. За 8 месяцаў тэмп росту валавой вытворчасці малака па раёне склаў 96 працэнтаў. Знізілі надоі 6 гаспадарак, асабліва СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, “Шлях новы”. Надой ад кожнай каровы ў раёне ў сярэднім зменшыўся на 90 кілаграмаў і склаў 3116 кілаграмаў. Не вытрымліваюцца параметры таварнасці і якасці прадукцыі: сярэдні паказчык па вобласці 87 працэнтаў, а па раёне няма і 80. Забяспечылі таварнасць на ўзроўні 90 працэнтаў і больш толькі 3 гаспадаркі.

Якасць прадукцыі гарантуе адпаведныя дывідэнды. Але не ўсе сельгаспрадпрыемствы стараюцца зарабіць гэтыя грошы. Найбольш малака гатункам экстра – 81,1 працэнта – прадаў за 8 месяцаў СВК “Шлях новы”, найменш – СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.

Сельгаспрадпрыемствы раёна за гэты ж перыяд атрымалі на 125 цялят менш леташняга. Нізкія сярэднясутачныя прывагі цялушак, асабліва ў СВК ”Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”. Прычына – няправільнае кармленне, не наладжаная работа па аднаўленні статка, бедная кармавая база. Дарэчы, і сёлета ў некаторых гаспадарак могуць быць праблемы з кармамі: па раёне пакуль што нарыхтавана 10,81 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. З улікам кукурузы можна будзе дацягнуць да 20 цэнтнераў. Для добрай зімоўкі планавалі мець не менш за 23 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Адзін з самых важных паказчыкаў – нарошчванне пагалоўе БРЖ. Сёлета грамадскі статак павінен “прырасці” на 700 жывёлін. Аднак, гэтае заданне многія не выконваюць, у тым ліку СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, ААТ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.

Галоўны ветурач раёна Павел Сіцько таксама гаварыў пра нездавальняючы санітарны стан фермаў. Беспарадку дабаўляе і тое, што многія жывёлагадоўчыя аб’екты не абгароджаны, няма дэзбар’ераў. Толькі на шасці фермах малочныя блокі адпавядаюць патрабаванням, а на астатніх патрэбен рамонт. Але ніхто, па словах Паўла Сіцько, здаецца, не думае пра пачатак зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы і пра тое, што патрэбна рыхтаваць памяшканні, у тым ліку і для нованароджаных цялят.

Гэтым часам шмат спраў і ў раслінаводчай галіне. Як адзначыў начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі раслінаводства райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, на парадку дня – сяўба азімых, не адкладзеш і шэраг іншых восеньскіх работ. Калі ў СВК “Ляхавіцкі” ўсё ідзе па плане, то ў астатніх гаспадарак ёсць праблемы. Менш пад-рыхтавана глебы; гліфасаты ўнесены на плошчы на 500 гектараў меншай за леташнюю (асабліва праблема наспела ў тых гаспадарках, дзе ўнясенне гербіцыдаў найбольш патрэбна – СВК “Востраў-Агра”, ільнозавод); марудна звозіцца з палёў салома; трэба прыбавіць тэмпы і на нарыхтоўцы кукурузнага сіласу. Да пераліку неадкладнага дабаўляецца яшчэ і ўборка цукровых буракоў: у СВК “Шлях новы” тэхніка ўжо выйшла на бураковую плантацыю.

Райвыканкам прызнаў недастатковай работу шэрага сельгасарганізацый за 8 месяцаў па вытворчасці і рэалізацыі малака, нарыхтоўцы кармоў, аднаўленні статка. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў даручана забяспечыць безумоўнае выкананне даведзеных заданняў па вытворчасці і рэалізацыі малака, па павелічэнні пагалоўя кароў. Дырэктару племстанцыі па Ляхавіцкім раёне РСУП “Брэстплемпрадпрыемства” ўказана на адсутнасць належнага кантролю за аднаўленнем статка БРЖ.

Да 1 кастрычніка гаспадаркам неабходна завяршыць падрыхтоўку вытворчых і бытавых памяшканняў, нарыхтаваць паліва для работы зімой.

Рашэннем райвыканкама вызначаны і тэрміны завяршэння палявых уборачных работ.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *