Да грыпу рыхтуйся, пра прышчэпку не забывай. Асноўны спосаб супрацьстаяць грыпу, каранавірусу, ВРІ – вакцынацыя

Умовы надвор’я спрыяюць распаўсюджванню вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Як і прагназавалі медыкі, у студзені – лютым плануецца ўспышка ВРВІ, грыпу, кавіду і г. д.

– Пакуль эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні грыпам і ВРІ на Ляхавіччыне стабільная для гэтага перыяду, усплёску такога кшталту захворванняў не рэгіструецца. Разам з тым, як толькі пачнецца рост рэспіраторных інфекцый, установы аховы здароўя раёна пяройдуць на ўзмоцнены рэжым работы. Так, у паліклініцы плануецца зноў вярнуцца да асобнага прыёму пацыентаў з саматычнымі хваробамі і прыкметамі вострых рэспіраторных інфекцый, каб, па магчымасці, мінімізаваць заражэнне, – расказвае намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Руслан Курыловіч.
Па-ранейшаму асноўны спосаб супрацьстаяць грыпу, каранавірусу, ВРІ – вакцынацыя. 
– Імунітэт пасля прышчэпкі фарміруецца ў сярэднім два тыдні. Таму яшчэ ёсць магчымасць прышчапіцца тым, хто не зрабіў гэта раней. Прычым зрабіць прышчэпку можна як супраць грыпу, так і супраць кавіду. Ва ўсіх установах аховы здароўя Ляхавіцкага раёна маюцца вакцыны супраць гэтых інфекцый, – удакладняе Руслан Курыловіч.
Канешне ж, па словах медыкаў, не лішнім будзе
выкананне правілаў асабістай гігіены, вільготнае прыбіранне і рэгулярнае праветрыванне памяшканняў, умацаванне імунітэту.
Галіна КАНЬКО.