Прафілактыка парушэнняў зроку ў школьнікаў не ўяўляе складанасці, але патрабуе пастаяннай увагі

У школьным узросце асаблівае значэнне набывае гігіена зроку ў дзяцей. Вельмі важныя ўсе гігіенічныя пытанні рэжыму – пабудова вучэбнага дня ў школе, арганізацыя ўрокаў і перапынкаў, заняткаў і адпачынку дома.

Даследаванні паказалі, што ў вучняў першых класаў пры звычайным рэжыме заняткаў да канца трэцяга, а асабліва чацвёртага ўрока назіралася значнае паніжэнне вастрыні зроку, устойлівасці яснага бачання, хуткасці зрокава-маторных рэакцый, агульнай працадзейнасці. Колькасць урокаў і іх чаргаванне па цяжкасці і ступені зрокавага напружання значна змяншае зрокавую стомленасць.

Важна і размеркаванне вучняў па зменах. З пазіцыі гігіены дзіцячага зроку ўсе вучні з 1 па 4 клас павінны займацца толькі ў першую змену.

Усе зрокавыя функцыі рэзка паніжаюцца ва ўмовах дрэннага асвятлення. Асноўныя гігіенічныя патрабаванні, якія праяўляюцца пры асвятленні – гэта дастатковасць і раўнамернасць, адсутнасць рэзкіх ценяў і бляску на паверхні стала або парты.

Каб у вучняў не развівалася блізарукасць, трэба ствараць гігіенічныя ўмовы рабочых месцаў у школе і дома. Сцены ў класах і паверхню сталоў трэба фарбаваць у светлы тон, вокны часцей мыць і праціраць, нельга ставіць на падаконнік прадметы, якія закрываюць святло (напрыклад, высокія кветкі). Улічвайце той факт, што ў першым радзе ад акна асвятленне звычайна лепшае, а ў трэцім пры пахмурным надвор’і, можа быць недастатковай. Каб усе дзеці былі ў аднолькавых умовах, неабходна кожную чвэрць перасаджваць іх на другі рад партаў.

У асенне-зімовы перыяд, як правіла, святла не хапае. У гэтым выпадку ў пахмурныя дні, раніцай і вечарам для забеспячэння дастатковага асвятлення на рабочым месцы неабходна ўключаць штучнае святло.

Нельга прыступаць да выканання дамашняга задання адразу пасля вяртання са школы. Калі пасля заняткаў дзеці адпачнуць 1-1,5 гадзіны, значна змяншаецца агульная стомленасць, што суправаджаецца паляпшэннем зрокавых функцый. Дома, як і ў школе, заняткі патрабуюць напружання зроку, і трэба чаргаваць іх з такімі, калі вочы напружваюцца менш. Пасля дзвюх гадзін заняткаў 10-20 мінут трэба адпачываць.

Пры штучным асвятленні настольная лямпа павінна знаходзіцца злева і прыкрывацца абажурам, каб святло не падала ў вочы. Магутнасць лямпы — ад 60 да 80 Вт, пры гэтым нельга выключаць агульнае святло ў пакоі.

Яркае святло, а тым больш святло лямпы без абажура, асляпляе, выклікае рэзкае напружанне і стомленасць зроку. Ярка-чырвоныя празрыстыя абажуры хутчэй стамляюць вочы, чым матавыя, зялёнага або жоўтага колеру.

Для папярэджання стомленасці і зрокавага напружання пры прагля-дзе тэлеперадач вельмі важныя тры ўмовы: адлегласць да тэлевізара, асвятленне пакоя, якасць адлюстравання на экране.

Сядзець трэба не бліжэй 1-2 м ад чорна-белага і 2-3 м — ад каляровага тэлевізара, але не далей за 5-5,2 м. Экран тэлевізара павінен быць на ўзроўні вачэй. Калі школьнік носіць акуляры, то ў час перадачы іх трэба абавязкова надзець, каб не напружваўся зрок.

Лепш за ўсё, калі пакой асветлены верхнім святлом або настольнай лямпай, якая не ў полі зроку і не адсвечвае на экране тэлевізара. Днём тэлевізар трэба глядзець у незацемненым пакоі, і толькі ў сонечныя дні лепш закрываць вокны лёгкімі шторамі. Яркае святло, трапляючы на экран, значна змяншае кантраснасць адлюстравання, пагаршае бачнасць і стварае зрокавае напружанне. Час ад часу трэба пераключаць позірк з экрана на іншыя прадметы, каб даць адпачыць вачам.

Адлегласць паміж вачамі і рабочай паверхняй кнігі, сшытка павінна складаць 30-35 см.

Калі прытрымлівацца гэтых правіл пры рабоце з камп’ютарам, можна папярэдзіць развіццё камп’ютарнага сіндрому і зберажэ зрок.

У працэсе пісьма, чытання, прагляду тэлеперадач, работы на камп’ютары важным элементам з’ўляецца выкананне практыкаванняў па прафілактыцы стомленасці зроку.

Валянцін СКАРЫНА,

урач-гігіеніст райЦГіЭ.

Таццяна

УСЦЮШКОВА,

урач-афтальмолаг

ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *