У фармаце актыўнага дыялогу. Жыхары Востраўскага сельсавета правялі «свой» сход па пытаннях мясцовага значэння

У аўторак жыхары Востраўскага сельсавета правялі «свой» сход па пытаннях мясцовага значэння. Адбыўся ён у Тухавіцкім сельскім Доме культуры і, відавочна, большасць яго ўдзельнікаў складалі тухавічане – «тарфянікі» былыя і дзеючыя, члены іх сем’яў, людзі, якія знаёмы з вытворчасцю паліўных брыкетаў, усведамляюць, на чым трымаецца іх у многім адмысловы населены пункт.

У якасці «лірычнага разагрэву» перад сходам выступіў з міні-канцэртам вакальны калектыў СДК «Гармонія». Было вельмі гарманічна, да месца і даспадобы публіцы, пра што могуць
сведчыць цёплыя глядацкія апладысменты пасля кожнага з нумароў праграмы.
Перад тым, як распачаць «жывы дыялог», са справаздачай аб праведзенай на тэрыторыі сельсавета рабоце, планах і задачах на бліжэйшую перспектыву гаварыў яго старшыня Дзмітрый Глобаж. Па стане на пачатак 2025 года, у 11 населеных пунктах сельсавета пражывала больш за 1 400 чалавек. Прыкладна палова з іх з’яўляюцца працаздольнымі – заняты на ТБЗ «Ляхавіцкі», СУП «Ліпнянка», ЗТАА «Белдан», у лясніцтве, мясцовай структуры Ляхавіцкага раёна электрасетак, у сферы адукацыі, культуры і іншых установах. Зыходзячы адно толькі з гэтага пераліку, можна меркаваць пра саліднасць размешчанай у межах сельсавета базы для працаўладкавання. Як было заяўлена, 92 працэнты
домаўладанняў маюць дамоўленасці з ЖКГ аб цэнтралізаваным зборы і ўтылізацыі цвёрдых камунальных адходаў. У працяг
названай выгоды да паслуг жыхароў населеных пунктаў
уладкаваны пляцоўкі для паасобнага збору другасных рэсурсаў. Аднак, па словах Дзмітрыя Глобажа, такой дыферэнцыяцыі ў абыходжанні са смеццем прытрымліваюцца не ўсе жыхары.
Выступленні прадстаўніка РАУС і начальніка РАНС грунтаваліся на тэмах кожнага з ведамстваў. Першы засяродзіў увагу сходу на пытаннях кіберзлачыннасці. На маючых месца ў раёне і не толькі тэлефанаваннях ад, быццам бы, імя прадстаўніка аператара
мабільнай сувязі. Сутнасць – «развесці» грамадзяніна на інфар-
мацыю аб асабістых даных з мэтай доступу ў яго электронны
кашалёк. Апошнім часам, па словах праваахоўніка, актывізаваліся званкі тыпу «алё, мама, я трапіла ў ДТЗ». У такіх выпадках мае сэнс праяўляць вытрымку, не дазваляць імпульсіўнасці дзеянняў, узяць паўзу, перазваніць дачцэ, іншаму блізкаму-знаёмаму.
І памятаць, што службовыя асобы не будуць тэлефанаваць у месанджарах. 


У мінулым годзе ў сельсавеце адбылося тры пажары супраць
пяці ў папярэднім. Актуальнай для РАНС тэмай зараз становіцца лёд, пры выхадзе на які неабходна абавязкова «абмундзіравацца» ў выратавальную камізэльку, на месцы праяўляць выключную
асцярожнасць, не дазваляць сабе рызыкоўных дзеянняў.
«Жывы дыялог» у фармаце «зала – раённыя ўлады» пачаўся з эканоміка-гандлёвага пытання: чаму ў прыватных магазінах у чэках на куплю не ўказваецца найменне набытага тавару?
У адказ на яго намеснік старшыні райвыканкама Людміла Матчэня
адзначыла, што справа ва ўсталяваным у гэтых крамах касавым
абсталяванні, паколькі такая функцыя там не прадугледжана.
– Пакуль. Але, пачынаючы з ліпеня бягучага года, усе, у тым ліку і прыватныя магазіны, павінны будуць перайсці на касы з функцыяй «пайменнага» пераліку аплачанага тавару. У чэку можна будзе прачытаць, калі не ўсё, то многае аб купленым, – прагучаў кампетэнтны адказ. Апошні, дарэчы, быў дапоўнены скарэкціраваным напамінам аб магчымасці зрабіць выбар на карысць іншых магазінаў, напрыклад, райпо, дзе «разумныя» касы ужо ўсталяваны.

Прагучала скарга на тое, што ў асобных крамах пад некаторымі таварамі адсутнічаюць таблічкі-цэннікі. Адказ – гэта сур’ёзнае парушэнне, тэлефанаваць неадкладна, прыедзем, разбяромся, пакараем.
– Калі ў аптэцы Тухавіцкай амбулаторыі можна будзе разлічвацца «пластыкам»? – пацікавілася зала.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які выступаў таксама ў ролі «спікера» сходу, паабяцаў звярнуцца з пытаннем у ЦРА.

Пытанняў па медыцынскай тэме было нямала. Тычыліся
яны схемы здачы меданалізаў, атрымання талонаў да ўрачоў
тых ці іншых спецыяльнасцяў і іншага.
Асноўны масіў інтарэсаў удзельнікаў сходу ў Тухавічах складалі пытанні «камуналкі». Людзі скардзіліся на «лішняе» вулічнае асвятленне, калі ліхтары ззяюць круглыя суткі, жадалі ведаць перспектыву будаўніцтва ў Тухавічах станцыі абязжалезвання,
спраўляліся наконт пастаноўкі на капітальны рамонт таго ці іншага дома, задавалі іншыя пытанні. Пры тым, што шэраг тухавіцкіх шматпавярховікаў ужо адрамантаваны, работы на яшчэ двух запланаваны на бліжэйшы час. Што тычыцца асвятлення, то, па словах начальніка Ляхавіцкага РЭС, на тэлефонны сігнал аб неспрацоўцы каманды на адключэнне вулічных ліхтароў электрыкі гатовы рэагаваць аператыўна.
Усе ўзнятыя пытанні ўзяты на аловак, будуць вырашацца
па меры часу і магчымасцяў. Старшыня райвыканкама
Мікалай Мароз падзякаваў удзельнікам сходу за праяўленую актыўнасць, адзначыў, што дыскусія прайшла ў добразычлівай атмасферы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.