Сіла аб’ектыўнага слова. «ЛВ» адзначаны Граматай Міністэрства інфармацыі за актыўны ўдзел у асвятленні пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва Беларусі
14 лютага ў Мінску ў Цэнтральным Доме афіцэраў ва ўрачыстай абстаноўцы падведзены вынікі штогадовага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва.

Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства абароны і Міністэрства інфармацыі Беларусі. Удзел у цырымоніі ўзялі міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін і намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзяніс Язерскі.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін адзначыў прафесіяналізм журналістаў – тэлевізіёншчыкаў, радыйшчыкаў, газетчыкаў, падзякаваў за інфармацыйнае суправаджэнне дзейнасці Узброеных Сіл краіны. Кіраўнік ваеннага ведамства падкрэсліў, што менавіта дзякуючы рабоце журналістаў, іх прафесіяналізму беларускі народ ведае, чым жыве армія краіны, цэніць службу абаронца Айчыны.
– Сёння пытанні бяспекі хвалююць бадай кожнага грамадзяніна нашай краіны. Узброеныя Сілы ў адказе за ваенную бяспеку, і мы, людзі ў пагонах, менавіта дзякуючы СМІ, праўдзіваму слову журналістаў паказваем, што Беларусь пад надзейнай абаронай. Узброеныя Сілы – гэта не зусім адкрытае ведамства, але мы заўжды знаходзім пэўныя спосабы паказаць жыхарам краіны, як функцыянуе армія Беларусі. І робім гэта менавіта з дапамогай СМІ. Сёння беларусы адзіныя, як ніколі, мы ўсе разумеем, што трэба берагчы мір – як найвялікшую каштоўнасць. Кожны робіць гэта па-свойму. А ваша трапнае і моцнае журналісцкае слова – вельмі магутная зброя. Дзякуючы вам беларускі народ гаворыць пра сваю армію з гонарам, а нядобразычліўцы ведаюць пра вялікі патэнцыял беларускай арміі, – падкрэсліў Віктар Хрэнін.
Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Язерскі адзначыў, што менавіта журналісты робяць Узброеныя Сілы адкрытымі і паказваюць, што беларуская армія – армія міру, а захаванне міру – агульная справа ўсёй Беларусі і кожнага яе грамадзяніна. Намеснік міністра выказаў упэўненасць, што і далей дзейнасць журналістаў будзе вылучацца аб’ектыўнасцю і высокім прафесіяналізмам, а армейская тэма і тэма
выхавання патрыятызму і грамадзянскасці будуць займаць дастойнае месца на старонках газет і часопісаў, у выпусках тэле- і радыёперадач.
– Прасцей за ўсё пісаць пра скандалы, інтрыгі, расследаванні. Цяжка – пра патрыятызм, любоў да Радзімы. Мы бачым, што адбываецца ва Украіне, іншых краінах. Сёння для нашага насельніцтва важны
аспект – менавіта разуменне міру і бяспекі, – сказаў Дзяніс Язерскі.
Цырымонія ўзнагароджвання прайшла ва ўрачыстай і шчырай абстаноўцы. Гучала нямала слоў падзякі ў адрас калектываў СМІ
(сёлета ў конкурсе ўдзельнічала 112 рэдакцый), асобных журналістаў.

Граматы, падарункі, кветкі, віншаванні, музычныя нумары – атмасфера, што панавала ў зале. Сярод узнагароджаных –
і творчы калектыў раённай газеты «Ляхавіцкі веснік», які адзначаны Граматай Міністэрства інфармацыі за актыўны ўдзел у асвятленні пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных
Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва Беларусі. Для нас, «веснікаўцаў», было і застаецца справай гонару расказваць пра сваю краіну і землякоў, прызнавацца ў любві Беларусі і Ляхавіччыне, шанаваць гісторыю сваёй краіны – фатаграфаваць, пісаць артыкулы, весці рэпартажы, здымаць ролікі пра армейскія будні, прызыўную кампанію, прыняцце воінскай прысягі, ушанаванне ветэранаў Узброеных Сіл і воінаў-«афганцаў», мітынгі і велапрабегі ў гонар знамянальных падзей Вялікай Айчыннай вайны, разнастайныя мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці. І далей гэтыя падзеі будуць мець адлюстраванне на
старонках «ЛВ».
Галіна КАНЬКО.

