Крэветкі і Альхоўцы цяпер вельмі блізкія! Альхоўцы Ляхавіцкага раёна сталі месцам, дзе першымі ў Беларусі пачалі вырошчваць крэветак
Менавіта Альхоўцы Ляхавіцкага раёна сталі месцам, дзе першымі ў Беларусі пачалі вырошчваць крэветак
#нашелучшее, #нашалепшае

Калі ў пошукавік увесці словы «крэветка» і «Альхоўцы» – атрымаеце салідную навінную прапанову. За апошні месяц бадай самай рэйтынгавай тэмай сацыяльных сетак стала фраза «У Альхоўцах Ляхавіцкага раёна адкрылася ферма па вырошванні крэветак». Кантэнт з альхоўскімі каардынатамі хутка набірае прагляды, лайкі і каментарыі на прасторах інтэрнэту. Тым часам «ЛВ» таксама адправіўся ў месца медыйнага прыцягнення. Рэпартаж ад сваіх для сваіх жа… Што ўбачылі мы.

Вёска Альхоўцы – родны куточак для 250 жыхароў. Жыццё тут ідзе размерана: свае клопаты і хваляванні. А вось інфраструктура населенага пункта апошнім часам пачала ўзбагачацца.
Прыкладна дзясятак гадоў назад будынак былой сярэдняй школы, па меркаваннях многіх, быў асуджаны на разбу-рэнне і забыццё. Аднак галоўнаму герою нашай гісторыі – на той момант бізнесмену з Масквы Уладзіміру Гатоўчыцу – так не здалося. У 760 квадратных метрах закінутага будынка Уладзімір «намаляваў» дзейнасць унікальнай вытворчасці.
– Будынак школы тады выкупілі па астаткавым кошце праз аўкцыён. Маніторылі, канешне, выбіралі падыхо-дзячае памяшканне. Побач набылі і будынак былога дзіцячага садка, таксама запланавалі і для яго месца ў нашым бізнес-праекце, – расказвае Уладзімір.

Амаль два гады назад сюды прыехала будаўнічая брыгада, і гісторыя пачалася… Канешне, як расказвае фермер, ад былога будынка засталіся толькі абрысы – «унутранку» сур’ёзна перарабілі. Поўнасцю залівалі падлогу, арміравалі, паколькі вытворчасць прадугледжвае вялікую нагрузку на яе – да 120 тон вады. Умацавалі сцены, замянілі вентыляцыйную сістэму, водаправод і каналізацыю, электрыку, усталявалі вокны.
– Для мяне, як чалавека, які адказвае за тое, за што бярэцца, важна было ўключыцца і ў вясковае жыццё, не парушыць тутэйшы лад. Людзі тут дбайныя і гаспадарлівыя, таму хваляваўся, калі даводзілася з-за будаўнічых работ псаваць сюжэты тутэйшай чысціні. І сёння стараюся, каб было ўтульна і заўжды добраўпарадкавана. Думаю, тут я ужо свой, альхаўчане часта запрашаюць у госці, – дзеліцца Уладзімір.
Гэта толькі частка бізнес-праекта. Для вырошвання крэветак патрабуецца і спецыялізаванае абсталяванне, каб стварыць для ракападобных ідэальнае асяроддзе.

– У Расіі гэты бізнес развіты. Канешне, шмат паставак з замежжа сапсавалі санкцыі. Аднак многае атрымалася прывезці з Масквы. Там манціравалі-збіралі, падбіралі абсталяванне менавіта пад патрабаванні нашага праекта. Пасля па месцы ўжо дапрацоўвалі. Сапраўды, тое, што бачым сёння, гэта атрымалася шляхам спроб і памылак. Зрабілі – падключылі – не спадабалася – перарабілі. Пад наш праект падбіралася і праграмнае забеспячэнне. Прыемна, што на Ляхавіччыне знайшлі дэталі мясцовай вытворчасці, якія сталі часткай нашага вялікага механізма, – расказвае фермер.
Першымі жыхарамі фермы сталі каля трох тысяч малькоў крэветкі азіяцкага сорту. Працэнт выжывання ў ассяроддзі, якое прапанавалі спачатку, не задаволіў фермера. Аднак спыняцца Уладзімір не збіраўся. Удасканалілі сістэму фільтрацыі, харчавання, плюс дадалі яшчэ шмат фірменных сакрэтаў – і вынікі парадавалі.
– Каб заявіць пра сябе, як пра паўнацэнную вытворчасць, варта прайсці ўвесць яе цыкл. Праверыць і на практыцы ажыццявіць тэорыю. Пасля пэўных старанняў на сёння маем каля трох тысяч малькоў, 50 падрослых і 50 дарослых крэветак. Наперадзе чаканы момант – як павядуць сябе дарослыя асобіны ў перыяд размнажэння. Гэты адказны перыяд, калі стане паспяховым, зменіцца не менш адказным. Будзем ствараць умовы для лічынак, каб тыя падраслі і сталі самастойнымі. І калі мы атрымаем вынік – першае крэветачнае патомства, – можна будзе гаварыць пра іншыя тэмпы і аб’ёмы работы, – плануе Уладзімір.
Любы бізнес-праект прадугледжвае прагнозы. Да якіх вынікаў імкнецца вытворчасць альхоўскай крэветкі?
– Вельмі рана гаварыць пра масавы прадукт – нашы аб’ёмы пакуль не дазволяць. Аднак ідэю з вырошчваннем крэветак у Беларусі мы плануем рэалізаваць у тым ліку і ў выглядзе вясковай сядзібы з дэманстрацыйнай залай і сажалкай. Увогуле мы першыя – і гэта факт. Хацелася б атрымліваць 250–300 кілаграмаў жывой крэветкі ў месяц. Але ж невядома, да якога памеру яны вырастуць у альхоўскіх умовах, бо ў звычайным для яе асяроддзі адна крэветка можа дасягаць 500 грамаў, – удакладняе фермер.
А вось тут у бізнес-праекце з’яўляецца той самы будынак былога дзіцячага садка, дзе сёння адкрыта кафэ для жыхароў. Магчыма, у будучым тут стане рэальнасцю паспрабаваць прыгатаваную крэветку з фермы побач. Такім чынам Уладзімір плануе закальцаваць будынкі, якія некалі выкупілі па прымальным кошце. А пакуль гэта памяшканне для мясцовых жыхароў і не толькі – месца, дзе яны могуць збірацца з розных нагод. Між іншым, для сельскай мясцовасці такая бізнес-ідэя – запатрабаваная і неабходная.
У акваторыях для крэветак шмат і іншых прадстаўнікоў аквакультуры – тут вам і рыбкі, і смаўжы, і нават элементы расліннага свету. І гэта не дзеля забавы – усё, каб стварыць набліжаныя ўмовы да рэальнага асяроддзя.

Пытанне, што ж прыцягнула чалавека з расійскай сталіцы перакваліфікавацца і вырошчваць крэветкі. Уладзімір у былым прафесійным жыцці рухаўся па эканамічнай сцяжынцы. Дасягнуў многага: высокая пасада ў прэстыжнай бізнес-кампаніі, годная за-работная плата. Аднак заўжды хацелася стварыць штосьці сваё, улюбіцца ў справу, быць у ёй першым. Разам з жонкай і трыма дзецьмі рызыкнуў і крута змяніў жыццё.
– Заўжды цягнула на радзіму. Сам з Баранавіч, ваш сусед. Адлегласць да Альхоўцаў па маскоўскіх мерках – зусім не адлегласць. Сюды прыязджаю кожны дзень – вытворчасць патрабуе скрупулёзнасці, павышанай адказнасці. Пачынаю дзень з размінкі – ацяпляю памяшканне, дарэчы, экалагічнымі пелетамі. Затым аналіз вады – ад яе стану залежыць і выжывальнасць крэветак. Затым кармлю падапечных, займаюся іх сартаваннем, прыбіраю, сачу за фільтрацыяй… Пакуль адзін за ўсіх. Дарэчы, калі вытворчасць пакажа вынік, на ферме плануецца стварыць як мінімум пяць працоўных месцаў. Для мясцовых жыхароў і не толькі такая навіна, думаю, за
радасць, – адзначае Уладзімір.
Гонар фермы – крэветка Джон. Пакуль гэта самы вялікі прадстаўнік на ферме ракападобных, які застаўся яшчэ з першага завозу малькоў. Але ж ужо ёсць экзэмпляры, якія вось-вось дагоняць па вазе і створаць канкурэнцыю.

Крэветка Джон.
– Калі ў сельскай мясцовасці адбываюцца такія прыемныя перамены – нам за радасць. Гэта магчымасці ўдыхнуць другое жыццё ў будынкі, якія некалі стваралі асноўную інфраструктуру вёскі. Таксама гэта гарантыя, што на тэрыторыі і каля будзе парадак. А яшчэ прыемна, што з запускам такой вытворчасці нашы Альхоўцы гучаць нават за межамі краіны. Сёння ў Альхоўцах працуюць ужо тры прыватныя кампаніі, якія імкнуцца палепшыць жыццё і для мясцовых жыхароў. А ці не пра гэта нядаўна гаварыў Прэзідэнт на сустрэчы з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў, – расказвае старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак.

у 2025 годзе да продажу прапануецца тры пустуючыя сёння аб’екты. Сярод іх будынак былога дзіцячага садка ў Крывошыне і адміністрацыйны будынак
ў Куршынавічах. Дакументы рыхтуюцца
да назначэння аўкцыёну па продажы будынка
сельскага клуба ў Вялікай Лотве.
…Няхай планы пераўзыйдуць чаканні. Такая ініцыятыва павінна стаць пераможным «джэк-потам». Тым больш, калі ў яе вераць не толькі аўтары ідэі, інвестары, а яшчэ і землякі…

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

