Студзень не астудзіў вытворчую дынаміку. Валавая вытворчасць малака ў Ляхавіцкім раёне складала 6691 тону за студзень
Здаецца нават, што ў рабоце жывёлагадоўчай галіны нашага раёна ў першым месяцы бягучага года дабавілася дынамізму. І, безумоўна, аптымізму.

Надвор’е, канешне ж, не галоўны фактар па ступені ўздзеяння на вытворчыя здабыткі гэтага ключавога напрамку дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый. У АПК ставіцца і ў рознай ступені паспяхова рэалізуецца задача атрымліваць дастойны вынік незалежна ад сезонных капрызаў надвор’я. Адметнасцямі надвор’я ў пэўнай ступені можна «кіраваць». За кошт прагназавання, удасканалення агратэхналогіі, падбору разумных гібрыдаў насеннага матэрыялу, мінеральных удабрэнняў, сродкаў аграрнай хіміі і іншага. Гэта ў раслінаводстве, паміж якім і жывёлагадоўляй існуе самая неразрыўная сувязь. Нельга адмаўляць той факт, што цяпло за сценамі фермаў і жывёлагадоўчых комплексаў не застаецца незаўважным для вынікаў вытворчасці. Надзвычай
цёплы студзень бягучага года стаў адной з дзясятка прычын росту асноўных паказчыкаў вытворчасці раённай жывёлагадоўлі. Наогул жа станоўчая траекторыя дынамікі асноўных вытворчых паказчыкаў работы ляхавіцкай жывёлагадоўлі працягваецца больш за год. Напрыклад, у пазамінулым студзені валавая вытворчасць малака ў раёне складала 5 676 тон, што з’яўлялася амаль 14-працэнтным перавышэннем паказчыка студзеня 2023 года. Далей – толькі больш з месяца ў месяц. На працягу мінулага года дынаміка ўзрастала на 14, 15, 17 працэнтаў, а ў мінулым маі дасягнула амаль 19-працэнтнага росту.
Дэльта студзеня 2025 года атрымася крыху меншай за 18 працэнтных пунктаў у параўнанні з тым жа месяцам папярэдняга года. І трымаецца на ўзроўні лепшых аналагічных паказчыкаў работы жывёлагадоўлі іншых раёнаў вобласці.
За выключэннем дзвюх сельгасарганізацый студзень-2025 падняў і кілаграмы ўдойнасці асобнай сярэдняй каровы. У цэлым па раёне гэты паказчык склаў некалькі менш за паўцэнтнера. А, напрыклад, у СУП «Белазем’е» студзеньская ўдойнасць сярэдняй
каровы павялічылася на больш як 170 кілаграмаў і мала чаго не дасягнула пяці цэнтнераў за месяц. Пры тым, што названая арганізацыя застаецца адзінай у раёне, дзе сярэдняя месячная прадукцыйнасць каровы не дабірае да паўтоны малака. Пры тым, што ёсць, напрыклад, «Ляхавіцкі», які да сваіх і без таго высокіх мінулагодніх паказчыкаў удойнасці за студзень прыбавіў яшчэ паўцэнтнера – да больш як 800 кілаграмаў.
СУП «Белазем’е» варта адзначыць з пазіцыі падзення якасных паказчыкаў атрыманага малака. Вага апошняга, рэалізаванага на прамперапрацоўку «экстрай» і вышэйшым гатункам, склала
ў мінулым студзені толькі чатыры дзясяткі працэнтаў ад агульнага аб’ёму.
А завяршыць таксама хацелася б «Белазем’ем». Паказаныя арганізацыяй у студзені лічбы сярэднясутачных прываг буйной рагатай жавёлы, што ўтрымліваецца на вырошчванні і
адкорме, «падскочылі» за месяц на 197 пунктаў, склалі 722 грамы і з’яўляюцца на даны момант другой лепшай сярод сельгасарганізацый раёна. Пасля СВК «Ляхавіцкі», чый плюс выразіўся лічбай усяго ў 96 грамаў.
Як патлумачыў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васілій Пыжык, на паказаныя СУП лічбы прываг у студзені будзе цікава паглядзець і ацаніць па завяршэнні лютага.
Іван КАВАЛЕНКА.

