Лядовая ненадзейнасць. З мэтай прадухілення няшчасных выпадкаў на вадаёмах на Ляхавіччыне пастаянна праходзяць прафілактычныя рэйды
У Брэсце 1 сакавіка выратавальнікі дапамаглі рыбаку, які праваліўся пад лёд. Пры дапамозе выратавальнай камізэлькі і страховачнай вяроўкі пацярпелага выцягнулі з палонкі. Праз некалькі дзён дапамога выратавальнікаў спатрэбілася рыбаку ў Бярозаўскім раёне…
З мэтай прадухілення няшчасных выпадкаў на вадаёмах на Ляхавіччыне пастаянна праходзяць прафілактычныя рэйды. Супрацоўнікі РАНС, раённай арганізацыі Асвода і актывісты
Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных Ляхавіцкага аграрнага каледжа зноў і зноў спрабуюць пераканаць рыбакоў быць больш абачлівымі і асцярожнымі пры выхадзе на лёд.
– Лёд пад уздзеяннем сонца пачаў актыўна разбурацца, становіцца рыхлым, асабліва на рэках з хуткім цячэннем. Гэта стварае небяспеку для тых, хто, нягледзячы на пацяпленне і патанчэнне лядовага пакрыцця, усё ж адпраўляецца на вадаём. Лёд на вадаёмах пакрыты вадой, а берагі ўжо адтаялі, – адзначае старшыня раённай арганізацыі Асвода Аляксандр Шчаўроўскі.
У адпаведнасці з пунктам 35 Правілаў аховы жыцця людзей на вадзе і распараджэннем старшыні райвыканкама забаронены выхад на лядовае пакрыццё падчас яго ўтварэння ці разбурэння. Зараз якраз ідзе актыўнае разбурэнне лёду. Асвод рэкамендуе ў такія небяспечныя перыяды ўстрымацца ад выхаду на рэкі, азёры і іншыя вадаёмы.
…Удзельнікі рэйдавай групы раздалі рыбакам, якіх сустрэлі на вадаёмах, тэматычныя памяткі, расказалі пра патрабаванні Правілаў аховы жыцця людзей на вадзе, у тым ліку і пра неабходнасць абавязковай наяўнасці выратавальнай камізэлькі пры выхадзе на лёд. Менавіта з-за яе адсутнасці тры аматары рыбнай лоўлі атрымалі папярэджанні і вымушаны былі адправіцца дадому.
Выратавальнікі нагадалі, што перад выхадам на лёд абавязкова трэба праверыць яго таўшчыню, бяспечным лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 7 сантыметраў. Як правіла, ён блакітнага адцення. Нетрывалы лёд – у вусцях рэк, прытоках, там, дзе зараснікі.
– Ні ў якім разе нельга выходзіць на тонкі, нетрывалы лёд у цёмны час сутак, а таксама пры дрэннай бачнасці. Бацькі абавязаны паклапаціцца пра бяспеку дзяцей і не дазваляць ім адным ісці на рэчку, – падкрэслівае інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

