Прагулка ў лес адкладваецца да больш бяспечнага часу!

Цёплае, сухое і ветранае надвор’е стварыла на Брэстчыне напружаную пажаранебяспечную сітуацыю. Усе раёны вобласці яшчэ з мінулай пятніцы ўвялі забароны на наведванне лясоў.

У Ляхавіцкім раёне 8-9 сакавіка выратавальнікі 12 разоў выязджалі на тушэнне ўзгаранняў сухой расліннасці. Прычым, у Свяціцы і
Нетчыне выратавальнікі ліквідавалі ўзгаранні сухой травы двойчы.
Прычынай вогненных здарэнняў часцей за ўсё становіцца невыкананне правіл пажарнай бяспекі пры навядзенні парадку на дваровых тэрыторыях, а часам і свядомае выпальванне сухой расліннасці, неасцярожнае абыходжанне з агнём пры развядзенні вогнішчаў. А разам з травой гараць гаспадарчыя пабудовы, жылыя дамы, у вогненных пастках аказваюцца людзі…
Выратавальнікі заклікаюць паклапаціцца пра асабістую бяспеку. Месца, дзе плануецца спальваць сабранае смецце, павінна знаходзіцца на бяспечнай адлегласці ад гаспадарчых і іншых пабудоў, а таксама ад лясных масіваў і тарфяніку. Выпальваць сухую траву, іржышча наогул забаронена і караецца штрафам!
Сёлета пажары ў лясным фондзе як ніколі «раннія». 6 сакавіка з дапамогай сістэмы «Лясны вартавы» выяўлены лясны пажар
на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва, куды былі аператыўна накіраваны сілы і сродкі для лакалізацыі і тушэння агню.
– Сітуацыя ўскладнілася з-за балоцістай цяжкадаступнай мясцовасці і хуткага распаўсюджвання агню. Пажар на плошчы больш за пяць гектараў ліквідаваны сумеснымі намаганнямі работнікаў лясгаса і РАНС. Прычына ўзгарання ўдакладняецца, вядзецца высвятленне ўсіх абставін, – адзначыла намеснік кіраўніка лясгаса Наталля Адаменка. Яна расказала, што лясная ахова з пачатку сакавіка вядзе штодзённае дзяжурства, а таксама маніторынг узгаранняў з дапамогай сістэмы «Лясны вартавы».
У лясгасе нагадалі, што за парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках, забароны на іх наведванне прадугледжаны штраф да 12 базавых велічынь, а ў выпадку знішчэння ці пашкоджання лесу – да 30 БВ. Актуальную інфармацыю пра забарону ці абмежаванне на знаходжанне ў лесе можна знайсці на інтэрактыўнай карце Мінлясгаса.
Ляхавіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што выпальванне травы наносіць сур’ёзную шкоду экалогіі, травяныя пажары прыводзяць да значнага зніжэння ўрадлівасці глебы.
Пры спальванні сухой травы ў агні гінуць птушкі і звяры…
Улічваючы сённяшнюю пажаранебяспечную сітуацыю, не варта выкарыстоўваць адкрыты агонь на прысядзібных участках, у лясах, на тарфяніках. Выпальванне сухой травы ці навядзенне чысціні на прысядзібным участку такім чынам можа каштаваць маёмасных страт і нават жыцця. Прычынай бяды могуць стаць не толькі кінутыя ў траву недакуркі, запалкі, а і кавалкі шкла. 
Бяспека – клопат агульны, справа кожнага з нас. Пра гэта не варта забываць, нават калі вясновае цяпло пакліча на адпачынак у лес. Гэтымі днямі нас у лесе быць не павінна. Лес адкладваецца да больш
бяспечнага часу!

Па інфармацыі Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, у мінулыя выхадныя лясная ахова 13 разоў выязджала на лясныя пажары. На 10 сакавіка плошча, «пройдзеная» пажарамі на тэрыторыі дзяржлесфонду Брэсцкага ДВЛГА, ужо роўная плошчы, «пройдзенай» пажарамі за ўвесь пажаранебяспечны сезон 2024 года.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.