Лідарства – гэта пра шлях да мары. Расказваем пра ляхавічаніна Ягора Цямчыка – удзельніка рэспубліканскага конкурсу «Лідар года – 2025»

Што вызначае сапраўднага лідара? Адказ атрымаем, калі бліжэй пазнаёміцца з нашым юным земляком вучнем СШ № 2
Ягорам Цямчыкам. Напрыканцы лютага ён стаў удзельнікам рэспубліканскага конкурсу «Лідар года – 2025» і ўладальнікам спецпрыза «За артыстызм». Да гэтага поспеху ляхавічаніна чакала доўгая дарога падрыхтовак, рэпетыцый, этапаў, якія яму скарыліся.

Перамога ў раённым этапе стала пуцёўкай да ўдзелу ў абласным туры рэспубліканскага конкурсу «Лідар года». Падрыхтоўка, расказвае дзевяцікласнік Ягор Цямчык, сур’ёзная і, што не менш важна, патрабуе каманднай работы.
– Лідар – гэта чалавек, які ўмее працаваць у камандзе, у якога вераць. Увогуле, лічу, што толькі побач з аднадумцамі і іх падтрымкай магчыма прыйсці да поспеху. Дзякуючы актывістам БРСМ і нашым піянерам, побач з крэатыўнымі педагогамі-арганізатарамі Зояй Андрэеўнай Мешчараковай і Марыяй Аляксандраўнай Лукашэвіч мы крэатывілі, калі рыхтаваліся да заданняў конкурсу, – расказвае Ягор.
На вобласці ў візітоўцы «Лідар будучыні» давялося прэзентаваць сябе. Але наш канкурсант упэўнены, што пра чалавека лепш раскажуць яго адносіны да роднага месца. Таму акцэнтамі візітоўкі сталі родныя Ляхавічы – краявідамі, гісторыяй, таленавітымі землякамі натх-няецца і наш Ягор. Другі этап – абарона праектаў «Ёсць ідэя» – таксама прысвечаны Бацькаўшчыне. Каб дэталёва пагрузіцца ў праект «Пін-код», не хопіць і газетнай паласы раёнкі. Інтэлектуальная гульня-інтэрактыў для школьнікаў 2–4-х класаў запрашае ў падарожжа па Радзіме, за ўдзел у якім рабяты атрымліваюць бонусы і раскрываюць важны пастулат чалавечага жыцця: «Не рабі іншым таго, чаго б не жадаў сабе». А вось інтэлектуальны конкурс «Ёсць пытанне» раскрыў Ягора Цямчыка як чалавека, якому важна быць у віры такіх жа актывістаў: гісторыя пра тое, як ён шчыра агітаваў аднакласнікаў уступаць у рады БРСМ, трапіла ў сэрцы журы.
– І вось той самы момант. 19 канкурсантаў чакаюць імёны пераможцаў… Падзякі за ўдзел, затым узнагаро-джанне за трэцяя месца, другое. І я, разгублены ад віншаванняў, ужо трымаю ў руках дыплом пераможцы. Той момант хвалюе да гэтага часу, – успамінае Ягор.
Рэспубліканскі фінал сустракаў сем канкурсантаў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Ягор прызнаецца, што сцэна такога маштабу ў яго жыцці была першай. Моцныя візітоўкі сапернікаў, праекты шыкоўныя і пранізаныя патрыятызмам… Але гэта не перашкодзіла юнаму ляхавічаніну атрымаць спецпрыз «За артыстызм».
– Мне важна выйсці на сцэну і годна прэзентаваць свой раён ці вобласць. Такія праекты – гэта магчымасць пазнаёміцца з рабятамі, якія гараць задумкамі і ідэямі, адбываецца творчы канэкт, і гэтыя сувязі працягваюцца далей, па-за межамі праектаў. Мне асабліва
запала выступленне бара-навічаніна Дзмітрыя Кабяка. Прывітанне яму! – расказвае наш зямляк.
Ягор – чалавек з медыйнай сям’і. Прозвішча Цямчык у раёне гучыць, як сінонім да слова «творчасць». Таму прызнаецца, што адчуваць сябе на сцэне ўпэўнена вучыцца ў зорных бацькоў.
– Маё натхненне – гэта мама і тата. Я ведаю, што шлях да поспеху – гэта праца і ўменне не здавацца, калі чуеш чарговае «не». Татавы парады заўжды ў галаве, калі выходжу на сцэну з музычнай місіяй, – гледачы адчуваюць твае эмоцыі, таму з імі заўжды варта быць шчырымі і выкладвацца па поўнай. Калі на сцэне ў ролі вядучага –
тады лячу за мамінымі парадамі і сакрэтамі. Яна адказная за інтанацыю, артыстычнасць, пераканаў-часць. Іншы раз наша кватэра ператвараецца ў імправізаваную сцэну, дзе мы разам выступаем для вялікай залы гледачоў. Шчасце, калі цябе так падтрымліваюць бацькі, – расказвае Ягор.
Сёлета чакаецца яшчэ адна сумна-радасная падзея ў жыцці Ягора. Май запросіць на выпускны баль у дзіцячай школе мастацтваў. Мара «барабаніць на ўсю моц» – перарасла ў хобі, пасля ў справу, без якой не ўяўляе жыццё, а яшчэ ў атэстат аб заканчэнні ДШМ па класе ўдарных.
Але ўсё гэта – важныя складнікі галоўнай прафесійнай мары Ягора. Наш зямляк нацэлены скарыць медыяпрастору, але спачатку навучанне ў ВНУ: марыць пра журфак БДУ. Для гэтага ўжо цяпер займаецца ў медыякампаніі «Starway Production». А інтэрв’ю з вядомым рэп-выканаўцам KAMAZZ ужо трапіла ў эфір аднаго з тэлеканалаў.
– Хочацца быць лідарам па жыцці. Гэта гісторыя не пра самакрасаванне, хутчэй, хочацца не выпусціць ні адзінай магчымасці праявіць сябе, даведацца, што я магу на самай справе. Столькі людзей вакол таленавітых, хочацца знаёміцца і вучыцца ў кожнага. Лідарства – гэта не толькі пра поспех, гэта пра шлях да мары, –
падагульніў Ягор Цямчык.

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.