Помнім пра кожнага трэцяга. Дэлегацыя Ляхавіцкага раёна прыняла ўдзел у канцэрце-рэквіем «Кожны трэці»

Гэта нельга забыць. Памяць пра гэта неабходна перадаваць з пакалення ў пакаленне: кожны трэці беларус загінуў
у полымі Другой сусветнай вайны

Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі зноў і зноў аддаём даніну павагі ўсім, хто выстаяў і вытрымаў у той вайне, адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы, дзякуючы каму многія пакаленні беларусаў жывуць пад мірным небам. Марафон юбілейных мерапрыемстваў – конкурсаў, акцый, дыялогавых пляцовак, мітынгаў і ўшанаванняў – крочыць па гарадах і вёсках краіны. Серыю канцэртаў-рэквіемаў «Кожны трэці», якая прадоўжыцца да 12 красавіка, пачаў Палац Рэспублікі. «Кожны трэці» – расказ пра лёсы простых людзей, сінтэз новых песень пра вайну і Перамогу, унікальных кадраў хронікі і гістарычных фактаў. Усё гэта дае ўнікальную магчымасць пагрузіцца ў атмасферу ваеннага часу. Музычна-тэатральнае дзейства, прысвечанае памяці ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны, убачаць дэлегацыі з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Першымі гледачамі сталі прадстаўнікі розных раёнаў Брэстчыны. Сярод больш чым 2,5 тысячы гледачоў, якіх у мінулую нядзелю сабраў Палац Рэспублікі, і дэлегацыя Ляхавіцкага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Алегам Траццяком.

Сярод тых, каму пашчасціла першымі паглядзець канцэрт-рэквіем, галоўны спецыяліст аддзела загса райвыканкама Святлана СТАЛЯРЧУК, якая дзеліцца ўражаннямі з чытачамі «ЛВ»:


– На адным дыханні – менавіта так для мяне прайшоў канцэрт-
рэквіем. Немагчыма было глядзець без слёз. Увесь час супера-
жывала, адчувала непамерныя пакуты тых, у чыім лёсе была вайна. «Кожны трэці» – гэта адлюстраванне болю і гераізму, волі да вызвалення і прагі перамогі савецкага народа. Менавіта народа –
ад воінаў і партызан, якія змагаліся з ворагам, да дзяцей, старых, над якімі здзекаваліся – забівалі, палілі жывымі гітлераўцы. Пранікнёна паказана ўся трагедыя народа, які перажыў страшныя выпрабаванні вайны, што нездарма назвалі Вялікай Айчыннай. Кожная песня, кожная кампазіцыя пакінулі след у сэрцы. Для мяне канцэрт стаў увасабленнем сілы, мужнасці, непахіснасці, стойкасці і гераізму ўсяго народа, а яшчэ сімвалам удзячнасці ад нас, сённяшніх пакаленняў. Чырвонай стужкай праз увесь сюжэт праходзіць думка, наколькі важна берагчы мір, бо вайна не шкадуе нікога, і схавацца ад яе немагчыма. Лічу, што такія праграмы абавязкова павінны паглядзець усе, асабліва моладзь. Прыемна, што зноў сваім творчым майстэрствам парадаваў наш зямляк Андрэй Цямчык, які ў якасці артыста спяваў у канцэрце-рэквіеме. Яскравым дапаўненнем сталі тэматычныя выставачныя праекты, прадстаўленыя ў фае Палаца Рэспублікі.