Тэхдыягназ ад «Вікторыі»

Вопытныя спецыялісты станцыі дыягностыкі Уладзімір Ліцкевіч і Аляксандр Калбаса

Шлях кожнага аўтамабіліста абавязкова праходзіць праз станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Менавіта для гэтага дванаццаты год запар на вуліцу Юбілейная,19  нашага райцэнтра вязуць сваіх “жалезных” коней вадзіцелі з Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Клецкага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў. Тут пры ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” працуе дыягнастычная станцыя № 39. Яна мае акрэдытацыю на правядзенне дзяржтэхагляду транспартных сродкаў усіх катэгорый.

Ёсць у прадпрыемства пастаянныя кліенты. Менавіта ў «Вікторыі» транспарт птушкафабрыкі “Дружба” атрымлівае дазвол на ўдзел у дарожным руху. За дзень праз станцыю праходзіць больш за 20 машын, самы пік — у першы і апошні тыдзень месяца. Тэхнічны агляд за мінулы год тут прайшлі больш за 4000 адзінак аўтатранспарту.

Важную, калі не асноўную, ролю ў любой справе адыгрываюць спецыялісты. Прафесіяналы “Вікторыі” – начальнік станцыі дыягностыкі Аляксандр Калбаса, інжынер тэхагляду транспарту Уладзімір Ліцкевіч, інжынер па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху Сцяпан Цітко дасканала праводзяць агляд і дыягностыку ўсіх сістэм аўтамабіля на адпаведнасць патрабаванням бяспекі.

Начальнік станцыі дыягностыкі адзначае: для якаснай работы ў іх на службе сучасныя камп’ютарныя праграмы і абсталяванне, што забяспечвае аб’ектыўную праверку транспарту. У праграму ўносяцца ўсе тэхнічныя даныя аўтамабіля, марка, год выпуску і іншыя паказчыкі, адзначаюцца заўвагі па стане тэхнікі, і камп’ютар выдае дыягнастычную карту транспартнага сродку. Візуальна вызначаюцца толькі знешнія характарыстыкі машыны і ўкамплектаванасць аптэчкі, наяўнасць вогнетушыцеля і знака аварыйнага прыпынку новага ўзору. На лініі вядзецца запіс размоў, а камеры відэаназірання фіксуюць увесь працэс тэхагляду. Устаноўленыя сёлета новыя дыягнастычныя карты Белтэхагляду дазволілі станцыі выйсці на расійскія стандарты, што істотна змякчыла некаторыя патрабаванні на карысць аўтаўладальнікаў. З пачатку года ў дадатак да асноўных дакументаў, неабходных для праходжання тэхнічнага агляду аўтамабіля, патрабуецца квітанцыя аб аплаце ў банку транспартнага падатку. Дарэчы, “Вікторыя” адзіная ў вобласці, дзе пры выяўленні няспраўнасцей і іх ухіленні да канца рабочага дня аўтамабілісты не аплачваюць “паўтор”. Існуе і папярэдні запіс на абслугоўванне. Па тэлефоне 2-05-06 можна ўзгадніць час і дзень правядзення тэхагляду.

Супрацоўнікі дыягнастычнай станцыі адзначаюць, што вадзіцелі цяпер больш адказна ставяцца да неабходнай працэдуры, усё менш выяўляецца технічных недахопаў. А дзелавая, без прамаруджвання атмасфера, якую ствараюць вопытныя работнікі “Вікторыі”, забяспечвае станцыі аўтарытэт і працу без памылак і скаргаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *